Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

цукро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

1. Летні сорт ігрушы, якая дае дробныя прадаўгаватыя сакаўныя плады. Там, блізка каля плота бабкі Настусі, стаіць уцалелая ад пажару цукроўка. Місько.

2. Плод гэтага дрэва. Цукроўкі былі ўжо амаль спелыя. Чарнышэвіч.

цукры́стасць, ‑і, ж.

Уласцівасць цукрыстага; наяўнасць цукру ў чым‑н. Цукрыстасць раслін.

цукры́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які змяшчае ў сабе значную колькасць цукру (у 1 знач.). Цукрысты плод.

2. Які мае структуру цукру (у 2 знач.). Цукрыстыя рэчывы.

цуна́мі, нескл., н.

Гіганцкія ўсёразбураючыя хвалі, якія ўзнікаюць на паверхні акіяна ў час падводных землетрасенняў. Глей узняўшы, як кроў, руды, На дрыготкі бераг цунамі бягуць, Хмарачосы з чыгуннай вады. Караткевіч.

[Япон.]

цу́панне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. цупаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Гуд калгасных малатарань прыглушыў мернае цупанне цапоў. Мележ.

цу́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Біць (звычайна цэпам), утвараючы прыглушаны стук. [Чыкілевіч:] — Ты [Пракоп] адзін цупаеш цэпам і рукі дранцвеюць, падымацца не хочуць. А стануць чатыры малацьбіты ды як жарнуць — адкуль яно што і возьмецца. Колас.

2. Ісці, крочыць. За .. [Верай Ігнатаўнай] цупае дзяўчынка-падростак і нясе невялікі чамаданчык. Пестрак. Конік бадзёра цупае па дарозе, памахвае доўгім хвастом. Навуменка.

3. Хапаць рукой за што‑н.

цу́пкі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Цвёрды, жорсткі; каляны. Сядло рыпела цупкай, новай яшчэ сырыцай. Галавач. [Салдаты] курылі і паціху гаманілі, жавалі глёўкі хлеб, хтосьці прышываў гузік да цупкага мокрага шыняля. Грахоўскі. Адскочылі цупкія, з дзіцячы кулачок, абабкі. Вышынскі.

2. Тупкі; не вязкі, не рыхлы. Там [каля яблынькі] быў ужо цупкі астравок, бо каля яблыні зямля не ўскапана. Кулакоўскі. Наскочыў мароз — закарэла гразь, умерзла і аж патрэскалася голая зямля, стала цупкаю і гулкаю, як бубен. Капыловіч.

цур, выкл.

Разм. Вокліч, якім што‑н. забараняецца або патрабуецца выконваць які‑н. угавор, умову (звычайна ў гульнях). — Толькі, цур, угавор: калі захачу ісці дадому — не затрымліваць мяне! — папрасіў .. [Грушэўскі] наіўна. Карпюк.

цура́, ‑ы, ж.

Страва з пакрышанага ў квас або ў ваду хлеба з соллю, цыбуляй, а часам з алеем; рулі. Самі ж камунары харчаваліся.. цурой ды аўсяным кісялём. Дуброўскі.

цура́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., каго-што.

1. Пазбягаць каго‑, чаго‑н.; ухіляцца ад зносін з кім‑н., ад выканання чаго‑н. Не зведаў хлапчук .. пяшчотаў змалку і цяпер цураўся іх. Пальчэўскі. [Сымон:] — Ды гэта і няважна, дзе чалавек аблюбуе сабе прыстанішча — у вёсцы ці ў горадзе, важна тое, каб свайго люду не цураўся. М. Ткачоў. Заўсёды жартаўлівы і вясёлы, ён [Міхал], здавалася, ніколі ні на каго не крыўдаваў, не цураўся ніякай працы. Машара.

2. Адракацца ад каго‑, чаго‑н., выракацца каго‑, чаго‑н. [Ціток:] — Хоць ты бяры, чалавек, ды сваёй хаты цурайся. Лобан.