цвы́ркаць, ‑ае; незак.
1. Утвараць рэзкія адрывістыя гукі (пра цвыркуноў, конікаў і некаторых птушак). На розныя галасы недзе ў лістоце цвыркаюць птушкі. Скрыган. У жыце цвыркалі конікі. Новікаў. // Утвараць падобныя гукі (пра інструменты). Шоргалі звонкія пілы, гахалі і чохкалі сякеры, цвыркалі скоблі. Машара. // Імгненна прапускаць сліну праз зубы. Чакаючы, сядзеў [Пятрок] увесь час на лавачцы, курыў крадком з рукава ды цвыркаў слінай цераз зубы. Паўлаў.
2. Ліцца струменьчыкамі. Пад гарачымі промнямі сонца снег хутка раставаў, і ў нас пад нагамі хлюпала і цвыркала тонкімі струменьчыкамі вада. Рунец.
цвырку́н, ‑а, м.
Насякомае атрада прастакрылых, якое трэннем крыл утварае строкат. У сенцах заходзіўся цвыркун, няйначай на добрую пагоду. Лынькоў.
цвэ́гаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Ледзь жыць, ліпець (пра стан здароўя). Жонка памерла, і ён ледзь цвэгае. // Жыць у нястачы. Не згадзіліся браць балота-сенажаці. Каб менш было выкупу.. І гэтак цэлы век. Бо трэба было ўсё ж такі жыць. І жылі. Цвэгалі-жылі без свайго сена. Баранавых.
цвя́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Разм. Тое, што і чвякаць (у 2 знач.). Памякчэла надвор’е, растаў снег, цвякала гразь. Гурскі.
2. Ляскаць жалезным прадметам. Цвякаць замком партфеля. □ А дзяўчына.., што была партнёршай у Ралана, цвякаючы канькамі па падлозе, затанцавала: — Згодны, згодны, згодны!.. Грамовіч.
цвя́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да цвякаць.
цвялі́цца, цвялюся, цвелішся, цвеліцца; незак.
Дражніцца, жартаваць. «А можа гэта.. [Зоська] цвеліцца з маладым хлопцам».., — думаў часамі Галляш. Чорны. — Ого, якая ты скорая! Ужо і дайце ёй! Паскачы раней, а [тады] я табе дам, — цвяліўся той. Крапіва.
цвялі́ць, цвялю, цвеліш, цвеліць; незак., каго-што.
1. Дражніць, раздражняць. [Ілья Ільіч:] — Дзеці бегаюць па вуліцы, сабак цвеляць. Кулакоўскі. — Ой, сціхні хоць ты, Сяргей, не цвялі душу, — замахаў на Церахава Павел Кукушкін. Місько. // Выклікаць зайздрасць. [Мацвей] з першага разу адолеў араць і ўжо Андрушку паказваў, што ён ледзь не адной рукой можа трымаць плуг. А Андрушку гэта цвяліла. Лобан. // Хваляваць, расчульваць каго‑н. Частушкі аб каханні Мішка сабраў у папуры і так цвяліў імі хлопцаў і дзяўчат, так расчульваў, што рабіліся яны, як ліповыя — гні куды хочаш. Ермаловіч.
2. Выклікаць якія‑н. пачуцці, надзеі, жаданні. Мае сябры, Надзея цвеліць, Што не рассыплецца краса — Яна дажджом пялёсткаў белых Аквеціць новы зорны сад. Глебка.
цвярдзе́йшы, ‑ая, ‑ае.
Выш. ст. да прым. цвёрды.
цвярдзе́нне, ‑я, н.
Стан паводле знач. дзеясл. цвярдзець. Цвярдзенне бетону.