Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ца́цачніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да цацачнік.

ца́цачны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да цацкі, цацак. Цацачны магазін. Цацачны майстар.

2. Які з’яўляецца цацкай, прызначаецца для гульні. Цацачныя салдацікі. Цацачны конь. □ Учора, калі я вяртаўся з завода, дзяўчынка, што перабягала перада мною вуліцу, рассыпала чарніцы — яна некуды несла іх у плеценым цацачным кошыку. Сачанка. // Вельмі маленькі, падобны на цацку. Мы абышлі кругом, агледзелі розныя цацачныя фігуркі грознага Буды, розныя карабкі, хвасты, анучкі, што маюць тут нейкі сэнс. Лось.

ца́цка, ‑і, ДМ ‑ццы; Р мн. ‑цак; ж.

1. Прадмет, прызначаны для гульні дзецям. Ёсць цацкі добрыя ў яе: Машына-самакат, мядзведзь рахманы... Дачка бярэ яго, ён устае На плюшавыя лапы паслухмяна. Калачынскі. А дзецям зверх праграмы .. [Лапко] вылепліваў з гліны хвацкія цацкі: свісцёлкі,.. баранчыкаў, парасятак, сабак. Колас. // Невялікая рэч, якая служыць для аздобы, упрыгожання. [Жанчыны] ўзяліся мыць вокны, здымаць з мэблі чахлы, вешаць фіранкі,.. выцягваць з шафаў прыгожыя цацкі і расстаўляць на ранейшыя месцы. Карпаў. З гэтых арэхаў у Эквадоры пачалі вырабляць розныя цацкі і аздобы. «Маладосць». // Іран. Пра што‑н. небяспечнае, складанае (зброю, інструмент). — Бачыш гэтыя цацкі, — ён [бандыт] паказаў мне рэвальвер і фінку, — не адна, дык другая дагоніць. Якімовіч. — Ды вось нашы цацкі не хочуць падвезці на месца, — з нейкай жальбой у голасе гаварыў чырванашчокі, дужы механізатар, паказваючы на молат. Мыслівец.

2. перан. Той, кім (або тое, чым) распараджаюцца па ўласнаму жаданню дзеля пацехі. Быць цацкай у чыіх‑н. руках. □ Бывае, чалавек Усё жыццё сваё, увесь век Нікчэмнай цацкай пражывае. Корбан.

3. Разм. Пра рану або пашкоджаную, параненую частку цела. Зрабіць сабе цацку. □ Праз тыдзень [Вухавец] пачаў выходзіць, трымаючы сваю забінтаваную цацку на перавязі, у цёплай вязанай хустцы. Брыль. — Радыкуліт у вас, ці што? — Гэта во самае.. — Была і ў мяне гэтая цацка. Ермаловіч.

•••

Як (нібы) цацка — пра што‑н. вельмі прыгожае, адмысловае.

ца́цкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Гуляць з кім‑, чым‑н.; забаўляцца. Дзіця цацкаецца з катом. Цацкацца з дзіцем. □ Аднаго разу сяляне знайшлі на полі прыгожую медную трубачку з бліскучай ручкай. Цацкаліся з ёю, пакуль яна зашыпела... Бядуля. // Займацца якой‑н. клапатной справай; марудна рабіць што‑н.; важдацца з чым‑н. Да самага вечара .. [Захар Зынга] цацкаўся з ёю [гармонню] — разглядаў, пробаваў галасы, браў акорды. Чорны. [Юлька] доўга з дрывамі не цацкалася. Карамазаў. // Многа займацца з кім‑н.; удзяляць каму‑н. шмат часу, увагі; няньчыцца. [Хаценчык:] — Мы занадта цацкаліся з .. [Кузьмой Шавойкам]. І самі ў гэтым вінаваты. Колькі разоў папракалі яго за п’янку, але ніколі не пакаралі сурова. Броўка. Шпакі не вельмі цацкаюцца з захопнікамі. Ткнуць аднаго-другога вострай дзюбай, дык з вераб’ёў у момант злятае ваяўнічы запал. Паслядовіч.

ца́цкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Разм. Гуляць, забаўляцца з кім‑, чым‑н. Усякі прымаў яго [падмуркавы камень], Цацкаў, Як злітак дзівосны, Як цацку. Калачынскі. [Завішнюк:] — Мала працерабілі Акцызнік з Юркам Далінай, мала стараюцца дзяўчаты.. Цацкаюць ленту ў руках, падпяразваюцца, вехі мераюць... Пташнікаў.

цверазе́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. цвярозы.

цверазе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Станавіцца цвярозым або больш цвярозым. Мацнеў мароз, і цверазелі Анісімавы думкі, і калі ён параўняўся з Мікодымавым хутарам, дык у яго канчаткова прапала рашучасць. Сабаленка. // перан. Прыходзіць да памяці. Доктар кажа: «Яна [Марыся] ідзе на папраўку. Пачынае цверазець». Баранавых.

цверазі́ць, цверажу, цвяразіш, цвярэзіць; незак., каго.

Рабіць цвярозым або больш цвярозым. Галава ў Міканора была цяпер зусім ясная: мароз, што сцінаў рэбры пад гімнасцёркаю, добра цверазіў, даваў у дужасці. Мележ.

цверда... (гл. цвёрда...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «цвёрда...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: цвердалобы, цвердазём, цвердасплаўны.

цвердава́ты, ‑ая, ‑ае.

Не зусім цвёрды. Цвердаваты яблык.