хрызаберы́лавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да хрызаберылу. // Зроблены з хрызаберылу або з хрызаберылам. Хрызаберылавы пярсцёнак.
хрызако́ла, ‑ы, ж.
Мінерал класа сілікатаў блакітнага, зялёнага, сіняга колеру; медная руда.
хрызалі́т, ‑у, М ‑ліце, м.
Празрысты каштоўны камень залаціста-зялёнага колеру, разнавіднасць алівіну.
[Ад грэч. chrysós — золата і lithos — камень.]
хрызалі́тавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да хрызаліту. // Зроблены з хрызаліту або з хрызалітам. Хрызалітавыя завушніцы.
хрызантэ́ма, ‑ы, ж.
Дэкаратыўная расліна сямейства складанакветных з пышнымі махровымі кветкамі рознай афарбоўкі. Лісці дрэў ужо кранула восеньская пазалота, але на клумбах яшчэ стракацелі яркія астры і хрызантэмы. Сапрыка. Жоўтае ўтульнае святло лямпы, белыя хрызантэмы ў слоіку, чырвонае, нібы рубін, віно ў чарках, натхняючыя вершы і мы ўдвух, забыўшыся аб усім на свеце... Хомчанка.
[Ад грэч. chrysós — золата і anthemion — кветка.]
хрызапра́з, ‑у, м.
Напаўкаштоўны камень яблычна-зялёнага колеру, разнавіднасць халцэдону.
[Ад грэч. chrysós — золата і prásios — светла-зялёны.]
хрызапра́завы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да хрызапразу. // Зроблены з хрызапразу або з хрызапразам. Хрызапразавы кулон.
хрызаты́л, ‑у, м.
Мінерал, валакністая разнавіднасць серпенціну, змеевіка.
хрып, ‑у, м.
1. Сіплы гук, які чуецца пры цяжкім дыханні, здаўленай гаворцы. Ляснік закрычаў з усяе сілы тым грозным басам, які ўрэшце пераходзіў у піск і хрып. Бядуля. [Шурка] ўвесь час просіць піць, але голас таксама нібы высыхае і вырываецца з гарачага горла слабым хрыпам. Мехаў. // Хрыплае гучанне чаго‑н. Толькі старыя ходзікі на сцяне, абыякавыя да ўсяго на свеце, з якімсьці прыкрым хрыпам адлічвалі секунду за секундай. Шашкоў.
2. звычайна мн. (хры́пы, ‑аў). Шумы ў лёгкіх пры некаторых захворваннях. Абвостраным слыхам.. [доктар] улоўлівае прастудныя хрыпы ў грудзях. Гарбук.
хрыпава́ты, ‑ая, ‑ае.
Троху, злёгку хрыплы. Два гудкі, тоўсты хрыпаваты і звонкі тэнаровы, адначасна забрынчэлі па шыбах у акне Руліна пакоя. Гартны. Голас у .. [Паранькі] ціхі, трошкі хрыпаваты — не то ад прастуды, не то ад беганіны. Ракітны.