хра́па 1, ‑ы, ж.
1. Пярэдняя частка галавы ў буйной жывёлы; морда. Мядзведзь смокча лапу ў бярлозе санліва, Лось высунуў храпу — Шукае спажывы. Купала. // Ніжняя і сярэдняя частка пераносся ў жывёлы. Салвэсь папрасіў гаспадара разявіць каню зяпу. Той ахвотна паслухаўся: сціснуў праваю рукою жывёлу за храпу, а другою адцягнуў ніжнюю губу. Пальчэўскі.
2. звычайна мн. (хра́пы, храп). Ноздры ў вялікіх жывёл (каня, лася і пад.). Храпы вялікага гнядога каня дыхалі параю. Пестрак. З храп у .. [аленя] ішла пара, і яны былі белыя — заінелі. Пташнікаў.
3. Груб. Твар, нос чалавека. Якім чынам сюды трапіў, Не магу ніяк уцяміць. Ці не даў мне хто па храпе Ды адбіў дарэшты памяць? Крапіва. — Сам бачыў, як у Бабруйску на Казначэйскай нейкі дзяцюк сунуў кулаком у храпу гарадавому, а той толькі юшку выцер, лахі пад пахі ды ходу. Грахоўскі.
хра́па 2, ‑ы, ж.
Разм. Замёрзлая грудамі зямля. Васіль як бы і не заўважаў холаду, борзда тупаў прадранымі лапцямі па ўкамянелай камякаватай храпе, што біла ў падэшвы, у пяткі. Мележ. На дварэ падмарожвала. Растаптаная скацінай гразь ператварылася ў храпу. Чарнышэвіч. Аступілася [Ганна] у нейкую яму і балюча ўпала каленьмі на вострыя, мёрзлыя храпы. Місько.
храпаві́к, ‑а, м.
Спец. Зубчасты механізм, які перадае вярчэнне толькі ў адным кірунку; храпавы механізм.
храпавы́, ‑ая, ‑ое.
Спец. Які мае храп 2, забяспечаны храпам. Храпавая муфта. Храпавое кола.
храпа́к, ‑а, м.
У выразе: даць (задаць) храпака гл. даць.
храпану́ць і храпяну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Аднакр. да храпці.
2. Разм. Паспаць. Храпянуць дзве гадзіны. □ [Міхась:] — Цяпер бы выкупацца ды храпануць з гадзінку ў цяньку. Машара.
хра́п’е, ‑я, н., зб.
Абл. Ахрап’е. Так давялося і зрабіць. Да школы па агародах правялі [машыну], з грады на граду, па мёрзлых памідорах ды па капусным храп’і. Лобан. Назбірала бабка храп’я У градах парасяці. Русак.
храпе́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. храпці, а таксама гукі гэтага дзеяння. Храпе Вадзім.. [Таня] таўхае яго пад бок. Храпенне на нейкі час прыціхае, затым пачынаецца зноў. Паўлаў.
хра́пка 1, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
Памянш.-ласк. да храпа 1.
хра́пка 2, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
Ствол качана капусты без лістоў. Рая адышла да каровы і хацела гнаць яе дамоў, але карова прагна хапала капуснае лісце, з хрумстаннем згрызала храпкі і ісці дамоў не хацела. Шамякін. Дзеда тузанула, ён закруціўся на месцы, ухапіўся за твар і павольна пачаў асядаць на цвёрдую граду з мёрзлымі храпкамі ссечанай капусты. Грахоўскі. Ён [Васіль] можа ля дзвярэй сядзець спакойна і хрумстаць белыя тугія храпкі. Караткевіч.
хра́пнуць, ‑не; зак. і аднакр.
Зламацца з трэскам. Ды раптам сакавіта храпне граб. Успыхнуць росаў зыркія вясёлкі. Барадулін. Хоць хворага не бачыш месца, Дуб храпне так, што браце мой! Гаўрусёў.
храпу́н, ‑а, м.
Разм. Чалавек, схільны да храпу 1 (у 1 знач.), які храпе ў сне. Чалавек.. захроп яшчэ мацней. Тады Жэня абедзвюма рукамі ўзяла за .. плячо і павярнула храпуна на бок. Кулакоўскі.