Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

холадакамбіна́т, ‑а, М ‑наце, м.

Прадпрыемства харчовай прамысловасці з халадзільнымі ўстаноўкамі для загатоўкі свежамарожаных прадуктаў.

холадалюбі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які любіць холад, вытрымлівае нізкую тэмпературу. Холадалюбівыя жывёлы.

холадаўсто́йлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць холадаўстойлівага. Холадаўстойлівасць дзікай пшаніцы.

холадаўсто́йлівы, ‑ая, ‑ае.

Здольны пераносіць нізкую тэмпературу. Холадаўстойлівыя гатункі вінаграду.

хо́ладна,

1. Прысл. да халодны (у 10 знач.).

2. безас. у знач. вык. Аб нізкай тэмпературы паветра. Холадна. Вецер па полі гуляе, Вые, як звер, Снег узрывае, нуду наганяе. Багдановіч.

3. безас. у знач. вык., каму. Аб стане чалавека, які адчувае холад, дрыжыкі. Міхалка не варушыўся, яму стала холадна. Чорны. — Можа вам так холадна будзе, — спагадліва запытала.. [Марыя]. Кулакоўскі. // Аб стане чалавека, які адчувае дрыжыкі ад моцных пачуццяў, перажыванняў і пад. [Візэнеру] рабілася і горача і холадна, калі ён думаў аб гэтай звышснайперскай кулі нябачнага стралка. Шамякін. Рукі і ногі ў мяне амярцвелі. Мне зрабілася холадна і горача. Бядуля.

•••

Ні холадна ні горача каму гл. горача.

хо́ладнасць, ‑і, ж.

Тое, што і халоднасць. Андрэй павярнуўся да Людмілы. На яго твары былі скаванасць, холаднасць, але яны скора саступілі месца вінаватасць. Арабей.

хоп, выкл. у знач. вык.

Ужываецца паводле знач. дзеясл. хапіць. [Зыгмусь:] — Я — хоп за павады! Конь спужаўся, а я — скок на яго ды наўскапыта ў лес! Колас. Выпусціць Косцік жабу на зямлю, а бусел хоп яе чырвонай дзюбай — і праглыне. Паслядовіч.

хор, ‑у; мн. хары, ‑оў; м.

1. У старажытнагрэчаскім тэатры — група выканаўцаў з спевакоў і танцораў.

2. Група або калектыў спевакоў, якія выконваюць разам вакальныя творы. Хор імя Пятніцкага. Народны хор БССР. □ Кулькін, выявілася, спяваў у хоры і ведаў ноты. Машара. У клубе на сцэне выстройваўся хор. Асіпенка.

3. Музычная п’еса, прызначаная для выканання пеўчым калектывам. Кампазітар напісаў не кантату, а проста хор.

4. чаго. Адначасовае гучанне многіх гукаў. Сход маўчыць, а потым чуецца адзін голас, другі, а за ім хор галасоў гудзе. Колас. У адказ.. [Сымону Якаўлевічу], нібы рэха, прагучаў дружны хор дзіцячых галасоў: — Я, юны піянер... Якімовіч.

5. чаго. Мноства аднолькавых думак, меркаванняў. Намыснік, рыжы намеснік і нейкі капітан былі ўжо ў інтэрнаце. Хорам пахвалы яны спаткалі дзяўчат. Грамовіч. Пасля хору хвалебных рэцэнзій узнялася хваля крытыкі і разносаў. «Маладосць».

6. Спец. У струнных музычных інструментах — парныя, строеныя і пад. струны.

7. у знач. прысл. хо́рам. а) Усе разам, у некалькі галасоў (аб спевах). Да цябе [Нарачы] бор працягвае рукі, Для цябе хорам птушкі звіняць. Прыходзька; б) усе адразу, адначасова, дружна (пра якое‑н. выказванне). — Правільна! Малайчына, Вова! — хорам падхапілі рабяты прапанову таварыша. Шыловіч.

хо́рам, ‑а; мн. хорамы, ‑аў; м.

Вялікі жылы будынак; палац. Князь у хораме жыў, слаўны свету ўсяму, Недаступны і грозны, як хорам. Купала. / Жарт. Пра дом, жыллё. [Гаспадыня:] — Дык куды ж я вас пушчу. Бачыце ж, які ў мяне хорам, няма дзе нават сесці, не тое што легчы. Сабаленка. / у вобразным ужыв. Які прастор! Здалёк стаяць Чатыры сценкі бору, І неяк дзіўна пазіраць На гэты светлы хорам. Панчанка.

хо́рамны, ‑ая, ‑ае.

Той, хто валодае хорамам, жыве ў хораме. Ты [князь] ўсё золатам хочаш прыцьміць, загаціць... Ці ж прыгледзеўся, хорамны княжа? Кроў на золаце гэтым людская блішчыць, Кроў, якой і твая моц не змажа. Купала.