харч...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню: а) слову «харчовы» (у 3 знач.), напрыклад: харчбаза, харчпункт, харчатрад; б) словам «харч», «харчовы» (у 1, 2 знач.), напрыклад: харчкамбінат.
харча...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «харчовы» (у 1, 2 знач.), напрыклад: харчаблок, харчатрэст.
харчава́льны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для харчавання. Харчавальны пункт.
харчава́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. харчавацца і харчаваць.
2. Паступленне і засваенне пажыўных рэчываў, неабходных для жыццядзейнасці жывога арганізма.
3. Тое, чым хто‑н. харчуецца; характар, якасць ежы. Дыетычнае харчаванне. □ Жывуць яны багата, бо як ні кажы, а харчаванне амаль нічога не каштуе, і Зося не пакрыўджана. Лупсякоў.
4. Прыпасы прадуктаў. Сяляне дзяліліся з народнымі мсціўцамі харчаваннем, адзеннем. «Звязда». [Доктар:] — Ён [Янка] і яшчэ двое юнакоў састаў з харчаваннем прывезлі ў Маскву. П. Ткачоў.
•••
Грамадскае харчаванне — сістэма забеспячэння насельніцтва харчаваннем праз сталовыя, рэстараны, закусачныя і пад.
харчава́цца, ‑чуюся, ‑чуешся, ‑чуецца; незак.
1. Задавальняць патрэбу арганізма ў ежы; есці. Харчавацца малочнай ежай. □ Пакуль падрасла бульба, [Нямко] харчаваўся ягадамі і тым, што прыносілі яму з вёскі, а потым пачаў капаць скараспелку. Кулакоўскі. // Карміцца, жывіцца (пра жывёл). Харчуецца андатра галоўным чынам расліннай ежай, у меншай ступені — жывёльнай. «Весці».
2. Сталавацца дзе‑н. Харчавацца ў сталовай. □ І Адам астаўся адзін. Цяпер ён харчаваўся разам з адзінокімі парабкамі ў агульнай харчэўні, і гэта атручвала яго жыццё. Чарнышэвіч. [Дзяўчына] жыла ў інтэрнаце, харчавалася самастойна. Брыль.
харчава́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; незак., каго-што.
Даваць, дастаўляць каму‑н. ежу; карміць. Харчаваць усю сям’ю. □ Тут кожны быў другому друг, Тут харчавалі партызанаў, Тут раздавалі сотням рук Вінтоўкі, кольты і паганы. Таўбін. Калі нас так увесь час будуць харчаваць, то мы за тры гады адгадуемся, як на курорце. Алешка.
харчаві́к, ‑а, м.
Работнік харчовай прамысловасці.
харчасма́кавы, ‑ая, ‑ае.
Звязаны з прыгатаваннем прадуктаў харчавання. Харчасмакавая прамысловасць.
харчатра́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Харчовы атрад з рабочых і бедных сялян, які дзейнічаў у 1918–1921 гг. па выкананню харчразвёрсткі.
харчатрэ́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Харчовы трэст.