Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хандры́т, ‑а, М ‑рыце, м.

Каменны метэарыт.

[Ад грэч. chondros — зерне.]

хандры́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Знаходзіцца ў стане хандры; сумаваць, тужыць. — Чалавек прывыкае да людзей і, калі адзін апынецца, пачынае хандрыць. Гурскі. Жонка вядзе сваё: — Хандрыць пачынаеш, Іван. Нядобрыя сімптомы. Шамякін.

ханжа́ 1, ‑ы, м. і ж.

Разм. Прытворна набожны або прытворна дабрадушны чалавек; крывадушнік. І вось рашылі хлопцы выкрыць мараліста, Як кажуць, вывесці ханжу на чыстую ваду. Валасевіч. Звярнуўшыся да ксяндзоў, [Ян] прадаўжаў крычаць: — Дакуль вы будзеце ашукваць народ, вы — дармаеды, езуіты, ханжы?! Пестрак.

ханжа́ 2, ‑ы, ж.

Разм. Кітайская неачышчаная хлебная гарэлка. // Самагонка наогул. Гэты п’янчужка пісаў і Аксенту заяву, дзеля чаго яны дасталі былі трохі ханжы і разам выпілі. Зарэцкі.

ха́нжаскі, ‑ая, ‑ае.

Поўны ханжаства; крывадушны. Ханжаскія паводзіны. □ Горкі з’едліва высмейваў фальшыва-апякунскі тон і ханжаскую «спагадлівасць» некаторых «знаўцаў» сялянскай душы. Перкін.

ха́нжаства, ‑а, н.

Прытворная, паказная набожнасць, дабрадзейнасць; крывадушша. [Гелена:] — Спадзяюся, вы не асудзіце мяне, калі даведаецеся, што кахала, кахаю і заўсёды буду кахаць яго. [Майка:] — Гэта было б ханжаства... Караткевіч. Думаць адно, а гаварыць вучням другое ён [Лабановіч] не можа. Ніякага ханжаства, крывадушша не дапусціць. Навуменка.

ха́ніха, ‑і, ДМ ‑нісе, ж.

Разм. Жонка хана.

ха́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хана, належыць хану. Ханскі тытул. Ханскія землі.

ха́нства, ‑а, н.

1. Званне, тытул хана.

2. Дзяржава, вобласць, якой правіць хан. Казанскае ханства.

ха́нты, нескл.; адз. ханты, м. і ж.

Народ, які жыве ў Ханты-Мансійскай і Ямала-Ненецкай аўтаномных акругах.

ханты́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ханты, які належыць, уласцівы ім. Хантыйская мова.