Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

фарпо́ставы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фарпоста. Фарпоставая служба.

фарс, ‑а, м.

1. Тэатральная п’еса лёгкага, жартаўлівага, часам фрывольнага зместу. Зусім няслушным з’яўляецца сцверджанне тых даследчыкаў, якія імкнуцца радаслоўную гогалеўскіх герояў шукаць не ў рускай рэчаіснасці, адкуль быў узяты сюжэт камедыі, а нібыта ў французскіх вадэвілях і фарсах, якія ставіліся тады ў рускіх тэатрах. «Полымя». Нельга адмаўляць таго, што ў фінале «Паўлінкі» скарыстаны элементы вадэвіля і фарса. Ярош. // Манера ігры акцёра, заснаваная на блазенстве, грубых жартах з мэтай выклікаць смех у гледачоў.

2. перан. Ганебнае, цынічнае відовішча. Судовы працэс над ім [Хойзерам] звялі да фарса. Новікаў. Супастаўляючы гэтыя працэсы, ён [Максім] зразумеў, што цяперашні працэс ёсць не што іншае, як пусты фарс для выратавання прыстойнасці панскага правасуддзя. Машара.

[Фр. farce.]

фа́рсавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фарса. // Уласцівы фарсу; блазенскі. І рознага роду фарсавыя кепікі, «конікі», якія «выкідвае» дзед, не аслабляюць, а ўзмацняюць непаўторнасць яго аблічча. Усікаў.

фарса́ж, ‑у, м.

Спец. Паскарэнне, узмацненне якога‑н. працэсу. Фарсаж рухавіка.

фарсану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм. Аднакр. да фарсіць.

фарсі́раванасць, ‑і, ж.

Уласцівасць фарсіраванага. Гераізм народа, яго пакуты і выпрабаванні нельга паказаць пры дапамозе эмацыянальнай фарсіраванасці, ружовымі фарбамі. «Полымя».

фарсі́раванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. фарсіраваць.

фарсі́раваны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад фарсіраваць.

2. у знач. прым. Які адбываецца хутчэй звычайнага; паскораны. І яшчэ ніхто не ведаў, што сюды фарсіраваным маршам падыходзяць яшчэ дзве роты і будуць не пазней поўдня. Караткевіч. // У шахматнай гульні —вельмі хуткі, непазбежны. Фарсіраваны маг.

3. у знач. прым. Узмоцнены па гучанню, больш гучны, чым звычайна. Фарсіраваны голас.

фарсі́равацца, ‑руецца; незак.

Зал. да фарсіраваць.

фарсі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

1. Прымусіць (прымушаць) развівацца хутчэй, паскораным тэмпам; паскорыць (паскараць). [Максім:] — І няхай фарсіруе распілоўку. Не хапае дошак для насцілу вадабоя. Шамякін. // Паскорыць (паскараць) час наступлення, ажыццяўлення чаго‑н. Фарсіруюць пуск яны [мантажнікі] электрастанцыі — Электрыка ў першы чарод. Зарыцкі.

2. Павысіць (павышаць) сілу гучання (голасу).

3. У тэхніцы — павялічыць (павялічваць) які‑н. паказчык устаноўкі (рухавіка, катла і пад.).

4. Спец. Пераадолець (пераадольваць) якую‑н. перашкоду або рубеж праціўніка. За ноч [партызаны] фарсіравалі шашу і прайшлі кіламетраў пяць у бок вёскі Сёмкава. Новікаў. Камандзір корпуса Краўчанка вырашыў фарсіраваць Дзясну па дну ракі. Мележ.

[Ад фр. forcer.]