Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

філянго́вы, ‑ая, ‑ае.

З філёнгамі (у 1 знач.). [Бацька:] — Будзеш сам жыў-здароў — новую хату збудуеш... Дзверы ўставіш філянговыя, высокія. Грамовіч. Шырыня хаты з трыма вокнамі на вуліцу, жоўтыя філянговыя аканіцы, гонтавы дах на падшыўцы — усё гаварыла, што тут жыве чалавек з густам, гаспадар. Ермаловіч.

фімія́м, ‑у, м.

1. Духмянае рэчыва для курэння ў час рэлігійных абрадаў, а таксама дым, які ўзнікае пры згаранні гэтага рэчыва. // Аб прыемным паху наогул. Фіміям чаромхі.

2. перан. Ліслівая ўзнёслая пахвала. Калі гледачы не хочуць глядзець спектакль, калі штосьці не ўдалося, — ніякія крытычныя фіміямы ўжо не памогуць. Губарэвіч. Ну і Лаўрэн ад фіміяму захмялеў: З тае пары не дакранаўся ён да плуга, А толькі аб сваіх крычаў заслугах... Маеўскі.

•••

Курыць фіміям гл. курыць.

[Грэч. thymíama.]

фімо́з, ‑у, м.

Звужэнне крайняй плоці ў выніку запаленчых працэсаў.

[Ад грэч. phimōsis — сцісканне.]

фін,

гл. фіны.

фін...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «фінансавы», напрыклад: фінаддзел, фініяспектар.

фі́на, ‑ы, ж.

Лічынка стужачнага чарвяка.

[Ням. Finne.]

фінаге́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Фінансавы агент — агент, які займаецца фінансавымі пытаннямі. Дзядзька працаваў некаторы час фінагентам, а пасля старшынёй сельсавета. Дамашэвіч.

фінаддзе́л, ‑а, м.

Фінансавы аддзел.

фіна́л, ‑у, м.

1. Заключная частка, завяршэнне чаго‑н., канец. Шустры, не дачакаўшыся ад Саўкі фіналу апавядання, падагуліў тое, што ўстанавіла следства. Колас.

2. Заключная частка музычнага, тэатральнага або літаратурнага твора. У фінале Трэцяй сімфоніі кампазітар [Я. Цікоцкі] зноў вяртаецца да героіка-драматычных вобразаў. Дубкова. [Чайкоўскі].. на тэме гэтага танца [тарантэлы] пабудаваў фінал «Італьянскага капрычыо». «Маладосць».

3. Заключная частка спартыўных спаборніцтваў, у якой выяўляюцца пераможцы. [Вадзім:] — А наша каманда ў фінал выйшла. Праўда, здорава? Асіпенка.

[Іт. finale ад лац. finis — канец.]

фіналі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Удзельнік фіналу (у 3 знач.).