Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уху́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Адзецца ў што‑н. цёплае, абгарнуцца, захутацца з усіх бакоў. Дзяўчынка ўхуталася ў старую світку, бо на дварэ трашчаў мароз. Сабаленка. / у перан. ужыв. Лісты на ніжніх галінах шчыльна ўхуталіся асенняй цемрай. Кулакоўскі.

уху́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Адзець у што‑н. цёплае, загарнуць, абгарнуць з усіх бакоў. І слова не змагла выгаварыць Зося.. Ухутала дзіця і выйшла з пакоя. Крапіва. Надзя адчула холад, ухутала ногі сенам і посцілкай, якая ляжала ў перадку саней. Бураўкін. Паслухмяная машына бегла роўна, весела звінеў матор, тугі паток стрэчнага паветра страляў брызентам, якім грузчыкі старанна ўхуталі тры такарныя станкі. Б. Стральцоў. / у перан. ужыв. Пільнавалі хмары некага, каб ухутаць яго сваёй мультановаю посцілкаю. Баранавых.

уху́тванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ухутваць — ухутаць.

уху́твацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да ухутацца.

2. Зал. да ухутваць.

уху́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да ухутаць.

уцале́лы, ‑ая, ‑ае.

Які ўцалеў, захаваўся. Недалёка ад чыгункі, якая перасякала вуліцу, стаяла кучка ўцалелых.. домікаў. Якімовіч. Уцалелыя куткі аконных шыб ледзь-ледзь шарэюць. Кулакоўскі.

уцале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Застацца цэлым, непашкоджаным, не разбурыцца. Сяло ўцалела, не было відаць ніводнай спаленай хаты, каля сцен хат весела зелянелі клёна, ліпы і вастраверхія ігрушы. Мележ. Дом гэты, адзін з нямногіх у цэнтральнай частцы горада, уцалеў пасля варварскіх бамбардзіровак. В. Вольскі. // Аказацца ў наяўнасці, незрасходаваным. Пасядзяць, пагавораць людзі.. ды папросяцца за стол.. Якраз слоік баравічкоў ўцалеў, у гарлачыку мёду трохі. Гроднеў. // Не быць знішчанымі, згубленымі; зберагчыся. Захавалася вельмі мала сатырычных тэкстаў XVII стагоддзя.. Уцалела па некалькі спісаў «Прамовы Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча». Казека. Яны [артысты] падаставалі з матчыных скрыняў, калі яна ў каго ўцалела, кашулі-вышыванкі, шаўковыя каснікі, фартушкі і кофтачкі. Няхай. // Застацца жывым, не загінуць. У рукапашнай схватцы партызаны змялі карнікаў, толькі адзінкі.. уцалелі. Гурскі. Адно думала [жанчына] і адным жыла: як накарміць дзяцей, як зрабіць так, каб уцалелі... М. Стральцоў. // Пазбегнуць чаго‑н., не падвяргацца чаму‑н. Уцалець ад суда.

уцані́ць, уцаню, уцэніш, уцэніць; зак., што.

Знізіць цану (звычайна на заляжалы тавар). Праз гадзіну ў магазіне з’явіліся члены камісіі. Яны перагледзелі ўсе тавары. Палавіну ўцанілі. Нядзведскі.

уцвялі́ць, уцвялю, уцвеліш, уцвеліць; зак., каго-што.

Давесці да раздражнення, узлаваць. Уцвяліць сабаку. // перан. Выклікаць у кім‑н. трывогу; растрывожыць. Уцвяліць душу.

уце́плены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад уцяпліць.

2. у знач. прым. Які ўцяплілі. Уцеплены абутак.