успаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. успоўз, ‑паўзла, ‑ло; зак.
Паўзком узабрацца на што‑н., куды‑н. Змоўшчыкі на карачках успаўзлі на снежны вал і рынуліся да запаветнай лаўкі. Нядзведскі. Вунь на лісцік дзяцеліны ўспаўзла «божая кароўка», расправілі чырвоныя надкрыллі і знікла. Даніленка. // Разм. Павольна ўзысці, уз’ехаць на што‑н., куды‑н. Вось фурманка ўспаўзла на пагорак і адтуль стала відаць, што насустрач, па дарозе, марудна ідуць два чалавекі. Сачанка. Грукат няспынна нарастаў, узмацняўся, і, нарэшце, на лінію акопаў успаўзлі адзін за адным тры.. танкі. Машара.
успа́цца, усплюся, успішся, успіцца; успімся, успіцеся; зак.
Моцна спаць. [Маці:] — Ды ўстань жа ты, Жэнька! Вось успалася! Крапіва.
успе́ецца, безас. зак.
Можна паспець, няма куды спяшацца. А чаму яны [каровы] такія мурзатыя ды лахматыя? Гэта бачыла і раней даярка, але неяк адкладвалася само сабою: ат, успеецца, пачышчу, мае не горшыя за іншых... Бялевіч.
успе́нены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад успеніць.
2. у знач. прым. Пакрыты пенай. Навекі запомніў душой камуніста.. На ўспененых конях, пад сцягам агністым З байцамі ўляцеў у сяло. Бялевіч.
успе́ніцца, ‑ніцца; зак.
Пакрыцца пенай, ператварыцца ў пену. Успенілася піва.
успе́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.
Утварыць пену, ператварыць у пену. Стары пад’ехаў да купкі людзей, нешта растлумачыў ім. Праз хвіліну людскі ланцужок праскакаў да Равекі, успеніў ваду, выбраўся на сухое і папраставаў полем у бок Мілага. Караткевіч.
успе́ньвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да успеніцца.
2. Зал. да успеньваць.
успе́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да успеніць.
успе́рці, узапру, узапрэш, узапрэ; узапром, узапраце; пр. успёр, ‑перла; зак., каго-што.
Разм.
1. Падняўшы, ускласці што‑н. цяжкае, грувасткае на каго‑, што‑н., куды‑н. Усперці мяшок на спіну.
2. Надзець, абуць што‑н. цеснае. Боты цесныя, ледзь успёр на ногі.
3. Абаперці (рукі, ногі і пад.) на каго‑, што‑н. Лапы сам [заяц] На пень успёр, Азірнуў натоўп і бор. Калачынскі.
4. Узнесці. Усперці шафу на чацвёрты паверх.
5. перан. Пералажыць якія‑н. цяжкія абавязкі, віну і пад. на каго‑н. другога. Добра, што Лейкі не было. А каб была! Яна б завыла, залямантавала, вылаяла б увесь свет, а потым усю віну ўсперла б на Алтара. Чарнышэвіч.
успе́рціся, узапруся, узапрэшся, узапрэцца; узапромся, узапрацеся; пр. успёрся, ‑перлася; зак.
Разм.
1. Абаперціся, аблакаціцца на каго‑, што‑н. Стары давалокся да стала знясілены, усцягнуўся на край лавы і ўспёрся ўпалымі грудзямі на стол. Кірэенка. Нехта зноў свіснуў, ужо трохі смялей. Чалавек адказаў яму такім жа свістам і зноў успёрся на локаць. Крапіва. — Не, мне няцяжка, — бадзёра адказвае Косцік. А самому робіцца шкада маткі. Вунь якая яна. Белая і ледзь ідзе. — Ты ўзапрыся на мяне, узапрыся, пойдзем памаленьку, — гаворыць ён. Арабей.
2. Узлезці, узабрацца куды‑н., на што‑н. Адась успёрся на [плот] і пачаў глядзець на балота пад узгоркам. Чорны.
3. Рана ўстаць. Успёрся ў такую рань. □ А заспяваюць другія пеўні — ногі самі сабой ссоўваюцца з ложка. Дзіва — і мёртвы ўстаў бы, калі стары, крэкчучы, успёрся, пачаў сноўдацца па хаце. Мележ.