Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ускудла́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад ускудлаціць, ускудлачыць.

2. у знач. прым. Узлахмачаны, растрапаны (пра валасы). Гарбач сядае і растапыранымі пальцамі прычэсвае ўскудлачаныя валасы. Мурашка. // З ускалмачанымі валасамі. А то было і так: бяжыць насустрач маладзіца — ускудлачаная, расчырванелая, хусцінка, з’ехаўшы з галавы, матляецца на спіне. Хадкевіч. Дзед Яўстрат, які звычайна ўсю зіму сядзеў на печы, высоўваў у такі момант сівую ўскудлачаную галаву і сіплым старэчым голасам, раіў бацьку: — Улі, Васіль, вісусу гэтаму, а то ж расце распуста, на лес гледзячы. Сабаленка. / у вобразным ужыв. Як добрым знаёмым, сардэчна ківаюць нам ускудлачанымі галовамі старыя хвоі. Сяргейчык. У небе віселі рэдкія ўскудлачаныя хмаркі. Гаўрылкін.

ускудла́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да ускудлаціцца, ускудлачыцца.

2. Зал. да ускудлачваць.

ускудла́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да ускудлаціць, ускудлачыць.

ускудла́чыцца, ‑лачуся, ‑лачышся, ‑лічыцца; зак.

Тое, што і ускудлаціцца. Валасы.. [Перагуда], даўно не стрыжаныя, ускудлачыліся і, як купіна, ляжалі на падушцы. Колас.

ускудла́чыць, ‑лачу, ‑лачыш, ‑лачыць; зак., каго-што.

Тое, што і ускудлаціць. Сустрэчны вецер ускудлачыў валасы, адкінуў назад касу. Шамякін.

усла́віць, услаўлю, уславіш, уславіць; зак., каго-што.

Праславіць, усхваліць, апець. З усіх чалавечых армій Я сёння ўславіць хачу Тую, якая раўняецца, Тую, якая змагаецца — Па Ільічу. Макаль. Янка гукнуў: — Увага! Хлопцы! Уславім у валачобнай песні нашу мілую гаспадыню, Вольгу Сцяпанаўну. Колас.

усла́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад услаць.

услаўле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. услаўляць — уславіць.

усла́ўлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уславіць.

услаўля́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да услаўляць.