уні́заны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. да унізаць.
уніза́ць, уніжу, уніжаш, уніжа; зак., што.
Нанізваючы, навешваючы, накрыць паверхню чаго‑н. вялікай колькасцю якіх‑н. прадметаў. Унізаць пальцы пярсцёнкамі. Унізаць ёлку цацкамі. // (часцей у форме дзеепрым. зал. пр.). Быць увешаным, пакрытым чым‑н. Прабраўся я праз .. заслон [дубкоў] і вачам сваім не паверыў: тонкія галінкі ляшчыны былі ўнізаны гронкамі арэхаў. Жычка.
уні́званне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. унізваць — унізаць.
уні́звацца, ‑аецца; незак.
Зал. да унізваць.
уні́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да унізаць.
уні́зе, прысл.
У ніжняй частцы; ніжэй чаго‑н.; проціл. уверсе. Унізе мерна цякла Бярэзіна, якая яшчэ не ўвайшла пасля пав[о]дк[і] ў свае берагі. Ігнаценка. Я са сваім таварышам Адамам Лявончыкам пілаваў дошкі прадоўжнай пілой. Ён наверсе, я ўнізе. Чарнышэвіч. [Конь] стаяў.. пад старой разгалістай таполяй з падранай унізе парою. Мележ. Дом на гары і ўнізе чорны млын, Як дзве паходні, уначы гарэлі. Астапенка.
уні́зіцца, уніжуся, унізішся, унізіцца; зак.
Паставіць сябе ў прыніжанае становішча; прынізіць уласную годнасць.
уні́зіць, уніжу, унізіш, унізіць; зак., каго.
Паставіць каго‑н. у прыніжанае становішча; зняважыць. — А ты, брат, мяне ўнізіў... Вазьмі грошы!.. — зароў .. [Чаркашын] раптам, на ўвесь лес, аж адгалоскі пайшлі. Пташнікаў. [Юрка] спытаўся яшчэ раз і зразумеў: яго чуюць, але маўчаць, бо хочуць унізіць і за нешта адпомсціць. Карпаў. [Генерал:] — Не хвалюйцеся! Вось я.. якраз і хацеў сказаць. Лена Азаронак асталася Ленай Азаронак! Нішто не ўнізіла яе! Кірэенка.
уніка́льны, ‑ая, ‑ае.
Вельмі рэдкі, адзіны ў сваім родзе; выключны. Унікальная знаходка. Унікальны рукапіс. □ Аднак гэта песня з-за сцяны ўзрушыла мяне, давяла да нейкай унікальнай хваробы, якую ніякі доктар не адгадае і не вылечыць. Дуброўскі. Гаспадар пазнаёміў нас са сваёй сям’ёй і паказаў ўласную бібліятэку, якая здзівіла багаццем унікальных кніг па гісторыі развіцця грузінскай культуры і мастацтва. Хведаровіч.
уніка́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. унікаць (у 4 знач.) — унікнуць.