Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

траю́радны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца ў сваяцкіх адносінах у трэцім калене па дзеду або бабе, па прадзеду або прабабцы. Траюрадны брат. Траюрадная сястра.

трая́к, ‑а, м.

Разм. Тры рублі. [Аркадзь:] — На ўсякі выпадак даў траяк вартаўніку, ён на двары сячэ дровы, каб наглядаў. Асіпенка.

трая́кі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да трох крыніц; які праяўляецца ў трох выглядах, відах. Траякая выгада. Траякае значэнне. □ — А ты, дуда, які хлеб хочаш есці? — запытаў дзед Самуіла і пасадзіў хлопца сабе на калена. — Ёсць траякі: чорны, белы і ніякі. С. Александровіч.

трая́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Разм. Прадмет, які мае тры аднолькавыя часткі або складаецца з трох аднолькавых частак. Траянка баравікоў. Траянка арэхаў.

2. Абл. Мука з сумесі грэчкі, пшаніцы і ячменю. Пазычыць кулёк траянкі.

3. Абл. Страва з пшанічнай мукі. яец і салодкага малака, у якую мачаюць бліны. Смачней за траянку стравы не знойдзеш.

трая́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Троі. Траянская вайна.

•••

Траянскі конь гл. конь.

трая́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Грашовы знак вартасцю ў тры рублі. Маючы ў кішэні скамечаную траячку, дарожны майстар завярнуў у рэстаранчык, каб трохі сагрэцца і падняць настрой. Навуменка.

трог, ‑а, м.

Спец. Горная даліна карытападобнай формы, утвораная дзейнасцю леднікоў.

[Ням. Trog — карыта.]

тро́е, траі́х, ліч. зб.

Тры (падліковага значэння не мае, ужываецца з назоўнікамі мужчынскага, ніякага або агульнага роду, якія абазначаюць асоб. маладых істот, а таксама з назоўнікамі, якія маюць толькі мн. лік, і з асабовымі займеннікамі ў мн. ліку). Трое братоў. Трое ягнят. Нас было трое. Трое дзвярэй. У нас траіх. / у знач. наз. тро́е, траі́х. У сярэдзіне дня да нас у музей зайшло трое. Кавалёў.

тро́ечнік, ‑а, м.

Разм. Вучань, студэнт, які пастаянна атрымлівае тройкі за вучобу.

тро́ечніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да троечнік.