сялі́цца, сялюся, селішся, селіцца; незак.
1. Уладжвацца на незаселеных месцах; атрымліваць месца для жыхарства. Людзі, якія сяліліся спачатку толькі на адкрытых месцах, па цячэнню вялікіх рэк, пачалі ўсё глыбей пранікаць у самыя нетры дзікіх і непрыступных лясоў. В. Вольскі. У горадзе самая жывая вуліца — гэта Шасэйная. Ля яе ўсё народ дзелавы селіцца, гандлёвы. Галавач. // Пасяляцца, займаць пад жыллё хату, участак. Няўтульная хаціна проста пуставала: ніводная, нават бежанская, сям’я не рашалася ў ёй сяліцца хоць бы часова. Лось. // Пра птушак, жывёл і пад. А .. [сава] ўсё роўна кожны год сялілася толькі ў тым дупле. Кірэйчык.
2. перан. Узнікаць, папаўняць (пра пачуцці, настрой і пад.). Аднак не адна толькі ўдзячнасць селіцца ў маім сэрцы. Васілевіч.
3. Зал. да сяліць.
сялі́ць, сялю, селіш, селіць; незак., каго-што.
Уладжваць па незаселеных месцах; пасяляць.
сяло́, ‑а́; мн. сёлы (з ліч. 2, 3, 4 сялы́), сёл; н.
1. Вялікая вёска, гаспадарчы і адміністрацыйны цэнтр для навакольных паселішчаў; у дарэвалюцыйнай Расіі — паселішча з царквой. Саўгас — вялікае сяло — патанаў у зеляніне. Асіпенка. Зазер’е — сяло вялікае. Адзін канец яго ўпіраецца ў возера, а другі хаваецца ў лесе. Ваданосаў.
2. Любы населены пункт негарадскога тыпу. Наўпрост ідзе дарога Праз гарады і сёлы. Аўрамчык. Звіняць, як срэбра, песні Па сёлах, гарадах. Колас. // зб. Жыхары такога паселішча. Прачнулася сяло таксама раней звычайнага. Васілевіч. Глядзела і не бачыла, Як збеглася сяло. Святое гора матчына Усім душу пякло. Панчанка.
•••
Ні к сялу ні к гораду — зусім недарэчы, неўпапад, не да месца.
сяльцо́, ‑а, н.
Памянш. да сяло; невялікае сяло. Сяльцо было маленькае, хат з дзесяць. Якімовіч.
сяльча́нін, ‑а; мн. ‑чане, ‑чан; м.
1. Разм. Сельскі жыхар, селянін. З лесу насустрач сяльчанам выязджае цэлы абоз цыганоў з палатнянымі будамі на калёсах. Навуменка.
2. Аднасяльчанін. Словы [маладога мужчыны] мелі вялікі ўплыў на сваіх сяльчан. Мурашка.
сяля́ва, ‑ы, ж.
Рыба сямейства ласасёвых; рапушка еўрапейская.
сяля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да селянін.
сяля́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да селяніна, належыць, уласцівы яму. Сялянская гаспадарка. □ Па кожную .. сялянскую сям’ю прыпадала не больш двух-трох гектараў зямлі, ды і то самай горшай. Бялевіч. Дзед арандаваў старую сялянскую хатку з гародам для бульбы. Бядуля. Пан Крулеўскі лічыў сябе знатаком сялянскай псіхалогіі. Колас.
сяля́нства, ‑а, н.
Клас сялян. Саюз пралетарыяту з сялянствам. □ Сялянства, у тым ліку і беларускае, пад кіраўніцтвам рабочага класа ўсё шырэй і шырэй уцягваецца ў барацьбу супроць самадзяржаўя. Каваленка. // У дарэвалюцыйнай Расіі — сялянскае саслоўе. Паходзіць з сялянства. // зб. Сяляне. Тут [у карчме] п’янствавала навакольнае сялянства. Бядуля.
сям, прысл.
У выразах: то там, то сям; там і сям гл. там.