сці́шаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад сцішыць.
2. у знач. прым. Які прыйшоў у стан спакою; прыціхлы; супакоены, ціхі. Гукі плылі ў сцішаным жнівеньскім вечары, як няпэўны ўспамін аб страчанай радасці. Радкевіч. Жанчына шастала паперкамі, і ў сцішаным аўтобусе гэтае шастанне грымела, як выбух. Скрыган. [Кіра] дыхала роўна, амаль нячутна, і на яе было прыемна глядзець — спакойную, сцішаную, без трывог. Карпаў.
3. у знач. прым. Прыглушаны, ціхі. Раптам да .. вуха [Лабановіча] даляцела сцішаная гамонка з глыбіні кустоў. Колас. Жалезны лямант і скрыгат узлятаюць аж пад высокія зводы даху і адтуль ападаюць ужо сцішаным рэхам. Сабаленка.
сціша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да сцішыцца.
2. Зал. да сцішаць.
сціша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да сцішыць.
сці́шванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. сцішваць — сцішыць.
сці́швацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да сцішыцца.
2. Зал. да сцішваць.
сці́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да сцішыць.
сцішка́, прысл.
Абл.
1. Ціха, нягучна. Настрой у нас быў прыўзняты, мы сцішка перагаворваліся, жартавалі. Ляўданскі.
2. Непрыкметна, патаемна. І вось, паявіўшыся неўзаметку, сцішка, усё больш і больш мяне пачынала трывожыць адчуванне нейкай няёмкасці. Скрыган.
сці́шна, безас. у знач. вык.
Абл.
1. Ціха, зацішна. Лёгка і сцішна было ісці пад ценем разгалістых сосен, якія галінамі навісалі над дарогай. Пестрак. Потым нехта штосьці гаварыў, тады жалезныя рыдлёўкі то сцішна ўразаліся ў сырую зямлю, то прарэзліва скрыгаталі, трапляючы на каменне... Марціновіч.
2. Жудасна, страшна. Страшна, сцішна хлопцу стала; Увесь тросся ён, дрыжаў. Колас. // Сумна, нудна. Паслухаеш — і сэрцу сцішна: мы не сустрэнем больш таго, хто Беларусь, як песню, ўзвышаў і ў сэрца кінуў нам агонь. Таўлай.
сці́шнасць, ‑і, ж.
Абл. Уласцівасць і стан сцішнага (у 1 знач.); цішыня. Сіняватая ранішняя сцішнасць панавала над мястэчкам. Адамчык.
сці́шны, ‑ая, ‑ае.
Абл.
1. Ціхі, прыціхлы. Невядома, хто першы з грынёўцаў прыляпіўся ў гэтым сцішным кутку, на беразе рачулкі. Пташнікаў. Калыхалася зара Над палямі сцішнымі. Гаўрусёў.
2. Жудасны, страшны. Усю ноч, ад рэчкі і па Нёман, Ушыр, удоўж нясецца гоман Няўцямны, сцішны і таемны. Колас.