Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

схо́плівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да схапіцца (у 3, 5 і 7 знач.).

2. Зал. да схопліваць (гл. схапіць у 4, 6 знач.).

схо́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да схапіць (у 4, 6–8 і 10 знач.).

схоў, схову; мн. сховы, ‑аў; м.

1. Хаванне, захоўванне чаго‑н. Аддаць грошы на схоў. / у паэт. ужыв. Вось так хадзілі ў тыл варожы, Аддаўшы прозвішча на схоў. Пысін.

2. Месца, дзе можна знайсці прыстанішча, схавацца ад каго‑, чаго‑н. І тут, за горкаю ў даліне, Знаходзяць сховішча яны — Іх схоў надзейны, зацішны. Колас.

3. Якое‑н. патаемнае месца, збудаванне для і ўкрыцця каго‑, чаго‑н. Цяпер .. [Сяргей] можа выходзіць са схову і сустракацца толькі ўначы, — значыцца, трэба прыдумаць новыя спосабы сувязі. Мележ. [Ева Аўсееўна:] — Мая домработніца нікому не адчыніць дзверы, пакуль праз акенца ў калідоры не ўбачыць, хто прыйшоў. І паліцыю не ўпусціць, пакуль не папярэдзіць. А .. [Валодзя] тым часам праз калідор — і ў мой пакой, адтуль — у схоў. Машара.

4. толькі мн. (схо́вы, ‑аў); перан. Тое, што недаступна для іншых, што хаваецца ў душы. [Андрэй] данясе .. [нянавісць] да патрэбнай пары цэлую, некранутую, клапатліва выпешчаную ў патаемных сховах душы. Зарэцкі.

5. толькі мн. (схо́вы, ‑аў). Памяшканне для захоўвання чаго‑н.; сховішча. Вось прыедуць фурманкі — будуць паражніць нівы. Зжатае жыта паедзе ў сховы, а голае ржышча будзе пустым галам выглядаць. Гартны. // перан. Пра народную памяць, традыцыі, якія захоўваюць, зберагаюць што‑н. Мы радуемся слову, Адкрытаму ў народных сховах, Незацяганаму, Крамянаму, Як раніцай трава, непатаптанаму. Арочка.

•••

Пад сховам (сховамі) чаго — карыстаючыся чым‑н. як прыкрыццём, маскіруючыся чым‑н.

схру́мстаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

З’есці, зжаваць, хрумстаючы. [Таразевіч:] — Ты што задумаўся? [Леановіч:] — Пра яду ўспомніў .. Эх, агурочак са смакам схрумстаў бы! С. Александровіч.

схудзе́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і схуднелы. [Карп] пачаў моўчкі пільна ўглядацца ў .. схудзелы, брудны твар [Таццяны]. Шамякін.

схудзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Тое, што і схуднець. Схудзеў прафесар, вочы ў яго ўваліліся. Гарэцкі.

схудне́ласць, ‑і, ж.

Уласцівасць схуднелага.

схудне́лы, ‑ая, ‑ае.

Моцна пахудзелы, худы. [Шабуніха] азірнулася на голас, убачыла старую жанчыну са схуднелым, зняможаным тварам. Мележ. Дзіця так і заснула ў .. [дзеда] на руках — бруднае, схуднелае і стомленае. Чыгрынаў.

схудне́нне, ‑я, н.

Хваравітая худзізна.

схудне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Моцна пахудзець, стаць худым. [Максім:] — Паглядзеў бы ты на сябе, як ты [Давід] схуднеў, а вочы не запалі, а праваліліся. Машара. Бацька вельмі схуднеў, неяк змізарнеў і з твару і з постаці, прыгорбіўся, бы ім завалодала старасць, якая вось-вось зусім сагне, скруціць чалавека. Сабаленка. Эх, Мірон, Мірон, і быў ты ўжо немалады, а за гэты час асунуўся, схуднеў, дык зусім стаў як дзядуля... Марціновіч.