ткач, ‑а, м.
Рабочы, майстар, які вырабляе тканіну на ткацкім станку.
ткачы́ха, ‑і, ДМ ‑чысе, ж.
Жан. да ткач.
ткну́цца, ткнуся, ткнешся, ткнецца; ткнёмся, ткняцеся; зак.
Разм.
1. Аднакр. да тыкацца 1.
2. Звярнуцца да каго‑н., куды‑н., паспрабаваць уладкавацца дзе‑н., як‑н., накіравацца да каго‑н., куды‑н. [Кудзянаў:] — Дырэктар сказаў, што нам .. адпушчана паўмільёна.. А вось калі ткнуліся да гаспадарнікаў на заводзе, грошай не аказалася. «Маладосць». — Ткніся [Ганна] толькі туды, у раён! — сінеў Яўхім. — Толькі папробуй,.. пабачыш!.. Мележ. Калі ўжо сабраліся амаль усе выхаванцы, у сталоўку, нібы клубок, укаціўся Барыс. Ткнуўся ў адно месца — няма дзе сесці, у другое — таксама. Нядзведскі.
ткнуць, ткну, ткнеш, ткне; ткнём, ткняце; зак.
Разм.
1. Аднакр. да тыкаць 1.
2. што. Рэзкім рухам змясціць што‑н. куды‑н. — Ага, — згадзілася .. [Таццяна] паслухмяна, ткнула папяроску ў попельніцу і паставіла яе на падлогу. Карпаў. Васіль вынес каробку-сявеньку. Спяшаўся.. Ткнуў сявеньку ў перадок. Мележ.
тлен, ‑у, м.
Уст.
1. Тленне, гніенне, распад, разбурэнне. Падлога струхлела, аб’ехалі сцены, Мышам больш няма чаго грызці, І вее адтуль гнілатою і тленам. Ставер.
2. Тое, што разбурылася ці разбураецца. Вайна ахапіла свет, руйнавала дзяржавы і гарады, зялёныя краі ператварала ў зону пустыні і тлену. Карпаў. // Прах. Я не таму спыніўся ля парога, што тут, як кажуць, храм самога бога. І не таму, што нечы знатны тлен замураваны ў тоўшчы гэтых сцен. А. Вольскі. // перан. Тое, што недаўгавечна, не мае сапраўднай каштоўнасці. Дрэва без лісцяў хоць і ўсыхае, але ўсё ж астаецца дрэвам. Лісці ж без дрэва — тлен, нішто... Сачанка.
тле́ннасць, ‑і, ж.
Уст. Уласцівасць і стан тленнага. І ўсё ж у нашых сэрцах атэістаў не ўзнікалі высокія думкі аб тленнасці быцця, усемагутнасці божай. Краўчанка.
тле́нне, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. тлець.
тле́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які разбураецца; часовы, недаўгавечны. Цішыня ды рэшткі рэчаў тленных, толькі ў зале нейкай, у куце, нібы ў сне, смяяўся бог каменны з гронкай вінаграднаю ў руцэ. Русецкі.
2. Уласцівы тленню, тлену, выкліканы ім. Тленны пах.
тле́цца, тлеецца; незак.
Тое, што і тлець; цяпліцца. [Алесь] ледзь тлеўся і не даваў ні святла, ні цеплыні. Маўр. На вуснах таго ўсё яшчэ тлелася ледзь прыкметная загадкавая ўсмешка. Шашкоў.
тлець, тлею, тлееш, тлее; незак.
1. Гніючы, разбурацца; трухлець, парахнець. У роднай зямлі тлеюць косці продкаў, жыццё якіх ішло і канчалася ў пакутах. Чорны.
2. Гарэць без полымя, слаба гарэць. Янка пазіраў на вогнішча, у якім тлела вуголле. С. Александровіч. Рэшткі машын дагаралі на дарозе, дыміліся, тлелі на каменні чорныя мундзіры. Лынькоў. // Вылучаць слабае святло. Цьмяна тлее пад столлю лямпачка. Брыль. // перан. Існаваць скрыта, слаба праяўляцца дзе‑н. (пра жыццё, пачуцці і пад.). І цяпер у .. [Ніны], недзе глыбока, у тумане трывогі, тлела надзея, што ўсё сыдзе неяк. Мележ. Рэшткі веры ў Дзяржаўную думу, якія яшчэ тлелі ў свядомасці настаўніка, цяпер былі разбіты. Колас.