Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

стасо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да стасаваць ​1.

ста́так, ‑тка, м.

1. Жывёлы, часцей аднаго віду, якія пасуцца або ўтрымліваюцца разам, гуртам. Хлапчук летам пасвіў вясковы статак, лазіў з ім па балотах, каб схаваць ад варожага вока. Капусцін. [Хмялеўскі:] — Калісьці тут [у дуброве] коз было да халеры. Статкамі хадзілі, а цяпер рэдка дзе ўбачыш. Чарнышэвіч. // Наогул вялікая колькасць якіх‑н. звяроў, птушак; чарада. Статак кароў, свіней у Літвінаве пераваліў перад вайной за тысячу галоў. Навуменка. Хто яго тут [у лесе] пакінуў, Гэта рэха жывое? Можа статак ласіны, Ідучы з вадапою? Кірэенка. Спалоханы .. грукатам [танкаў], аднекуль з гародаў шугае ў паветра вялізны, на паўнеба, статак вераб’ёў. Быкаў. Я потым бачыў, як качыны статак валюхаўся па полі — белы-белы. Хомчанка. / у вобразным ужыв. На шчасце наша, на шляху Сустрэлі статак хвой. Астрэйка. Толькі на дваццаць шосты дзень, Калі палымнеў на палетках пажар, Прыгналі вятры на акрутны сухмень Чорнагаловыя статкі хмар. Хведаровіч.

2. Пагалоўе сельскагаспадарчай жывёлы. Племянны статак.

•••

Панургаў статак — натоўп, які слепа ідзе за сваім важаком.

[Ад імя Панурга, героя рамана Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль».]

ста́тар, ‑а, м.

Спец. Нерухомая частка электрычнай машыны (генератара, рухавіка і пад.). На статары — нерухомай аснове генератара — у такіх жа пазах таксама размешчана абмотка. Рунец.

[Англ. stator ад лац. sto — стаю.]

ста́тарны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да статара, з’яўляецца статарам. Статарная абмотка.

статаско́п, ‑а, м.

Барометр, які фіксуе самыя нязначныя змены атмасфернага ціску і выкарыстоўваецца для вызначэння вышыні фатаграфавання ў час аэрафотаздымкі.

[Ад грэч. statos — які стаіць і skopeō — гляджу.]

ста́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць статнага.

ста́тны, ‑ая, ‑ае.

Добра, прапарцыянальна складзены, стройны. Статная фігура. □ Марцін, як толькі ўбачыў .. статную постаць [Насці], адразу пачаў ладавацца ў дарогу. Мележ. // Які мае прапарцыянальна складзеную, стройную фігуру, высокі рост. З грамады асабліва вылучаўся Аляксей Алёшка, магутны, статны, вышэйшы на цэлую галаву за сваіх калег. Колас. Іван — малады яшчэ хлапец, рослы, статны, з прыгожым тварам. Кулакоўскі.

статс-да́ма, ‑ы, ж.

У дарэвалюцыйнай Расіі — вышэйшае прыдворнае званне жанчыны з прывілеяванага саслоўя, якая ўваходзіла ў світу каранаванай асобы.

[Гал. staatsdame.]

статс-сакрата́р, ‑а, м.

1. У дарэвалюцыйнай Расіі — ганаровае прыдворнае званне вышэйшых чыноўнікаў. [Звяждоўскі:] — Быў я ў вялікай княгіні Гелены Паўлаўны. Кола вузкае. Статс-сакратар Карніцкі, што прыехаў з Варшавы, міністр унутраных спраў Панскай, Валуеў, яшчэ некалькі чалавек. Караткевіч.

2. У некаторых капіталістычных краінах — назва вышэйшых урадавых асоб, міністраў і пад.

[Ням. Staatssekretär.]

статуа́рнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць статуарнага (у 2 знач.).