Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ткані́на, ‑ы, ж.

1. Выраб, атрыманы ў працэсе ткання на ткацкім станку; матэрыя, матэрыял. Ільняныя тканіны. □ Саромеючыся бацькі, .. [Марына] ціхом дастала вішнёвую тканіну і панесла шыць. Чорны. Свае шырокія тканіны На лад персідскі ткуць яны [ткачыхі]. Багдановіч. Паглядзіш на такую тканіну, на яркае спалучэнне колераў і скажаш адразу — Афрыка! В. Вольскі.

2. перан. Тое, што складае аснову, змест якога‑н. мастацкага твора. Музычная тканіна оперы. Тканіна сюжэта. □ [Літаратурныя ўстаркі] ўвязваліся ў агульную тканіну пазмы, але маглі ісці ў свет асобна, адны... Лужанін.

тка́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Група аднародных, звязаных паміж сабой клетак, якія выконваюць у арганізме адну і тую ж функцыю. Тлушчавая тканка. Мышачная тканка.

2. Тое, што і тканіна (у 2 знач.). Паэт.., клапоцячыся пра зладжанасць і зграбнасць свайго твора нават у прыватнасцях, скараціў нямала пейзажных уставак, калі яны штучна разрывалі жывую тканку апавядання. Бугаёў.

•••

Злучальная тканка — тканка жывёльнага арганізма (сухажылле, звязкі і пад.), якая змяшчае вялікую колькасць міжклетачнага рэчыва і выконвае апорную, пажыўную і ахоўную функцыю.

тка́нкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тканкі (у 1 знач.), складаецца з яе. Тканкавая вадкасць. Тканкавая несумяшчальнасць.

тка́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ткаць.

тканнё, ‑я, н., зб.

Тое, што выраблена тканнем у якой‑н. колькасці. // Узоры, вытканыя на чым‑н. Тканнё на ручніку.

тка́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад ткаць.

2. у знач. прым. Выраблены тканнем. Тканы ўзор.

тка́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ткацтва, ткання. Ткацкі цэх. Ткацкая майстэрня. Ткацкая справа. // Прызначаны для ткання. Ткацкая машына.

тка́цтва, ‑а, н.

Выраб тканіны з пражы; галіна тэкстыльнай прамысловасць звязаная з вырабам тканін. // Майстэрства, тэхніка вырабу тканін. Ганне Красных ва ўмовах новага прадпрыемства давялося .. вучыць майстэрству ткацтва іншых. «Беларусь».

тка́цца, тчэцца; пр. ткалася; незак.

Зал. да ткаць.

ткаць, тку, тчэш, тчэ; тчом, тчаце, ткуць; пр. ткаў, ткала; незак., што і без дап.

Вырабляць тканіну шляхам перакрыжаванага перапляцення ніцей асновы (падоўжных) і ўтку (папярочных). Ткаць палатно. Ткаць кужаль. Ткаць ручнікі. □ Тут [у хаце Нявады] стаялі кросны, і час ад часу Волька прыходзіла сюды ткаць зрэб’е на мяшкі і ручнікі. Чорны. Зімой работы няшмат .. Толькі жанчыны працуюць; да палавіны зімы прадуць, а потым ткуць. Брыль. // Займацца ткацтвам, быць ткачом, ткачыхай. Усё ўмее жанчына Рукамі рабіць: Ткаць на кроснах тканіну І трактар вадзіць, І ўзводзіць палацы І пакой прыбіраць. А. Астапенка. // Упрыгожваць тканіну тканымі ўзорамі, рысункамі. Ткаць кветкі на ручніках. // Плесці, віць. Павук тчэ павуцінне. // перан. Ствараць што‑н. Дзяжа не спіць, не можа спаць, Хоць сон і хіліць прыдрамаць, А думкі ткуць сваю тканіну. Колас. Залатой непарушнаю пражаю Тчэ гісторыю моладзь сваю. Астрэйка.