стажо́к, ‑жка, м.
1. Памянш. да стог. Журдовіч выйшаў за сядзібныя будынкі, трымаючы кірунак на гароды. Каля самага прыгумення пачуў, як нехта шастае саломай, скубучы яе са стажка. Дуброўскі.
2. перан. Вялікая колькасць, кучка складзеных разам прадметаў. Само свята пачынаецца, вядома, не тады, як убачыш на стале стажок бліноў, латушку смятаны і чарку-другую гарэлкі. Рылько.
стажо́р, ‑а, м.
Той, хто праходзіць стажыроўку дзе‑н. [Трыпут:] — Бяру цябе ў стажоры. І бяру абавязацельства: за дзень вывучыць спецыяльнасці шафёра... Савіцкі.
стажо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Жан. да стажор.
стажырава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. стажыраваць і стажыравацца.
стажырава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.
Тое, што і стажыраваць. Нашы таварышы каля двух год стажыраваліся на шкодаўскіх заводах у Плзені. Мележ.
стажырава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
Праходзіць стажыроўку дзе‑н. Басалыга ўжо каля двух месяцаў стажыраваў у «Новым свеце». Гурскі.
стажыро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.
1. Праходжанне выпрабавальнага тэрміну перад залічэннем на работу (на прадпрыемства, ва ўстанову і пад.). Чамусьці прыгадалася [Вячаславу], як упершыню трапіў сюды [на граніцу] і праходзіў стажыроўку на адной з застаў. Шыловіч.
2. Праходжанне навучэнцамі вытворчай практыкі для набыцця вопыту і якой‑н. спецыяльнасці. Штосьці падобнае Чарняхоўскі некалі адчуваў у Бабруйску, прыехаўшы туды з Акадэміі на стажыроўку. Мележ. Затым усе набылі па стажыроўцы ля пультаў Літоўскай ДРЭС. Гроднеў.
стаі́цца, стаюся, стоішся, стоіцца; зак.
1. Схавацца і прытаіцца, імкнучыся застацца незаўважаным. Аўгіня асцярожна ўвайшла ў двор, ціхенька расчыніўшы веснічкі, і стаілася за вуглом, каб не папасціся каму на вочы. Колас. Стаіўся на печы і я, не дыхну, чакаючы, што скажа свякруха. Адамчык. Адсюль відаць хмызняк перад дарогай, у якім стаіліся, замерлі штурмавыя групы. Ваданосаў. // Прытаіцца, чакаючы каго‑, што‑н. Змоўкла і Аксана. Стаілася, напружылася, ператварылася ўся ў слых — яна, па ўсім відаць было, хацела першая пачуць Мішэлеву хаду. Сачанка. [Дзяркач] выцягнуў шыю і насцярожыўся, як той кот, што стаіўся над мышынай норкай. Чавускі. // Прыціхнуць, зменшыць актыўнасць. Шаройка, пасля таго, як яго знялі з брыгадзіра, стаіўся, прыціх, нават на вуліцы рэдка паказваўся. Шамякін. / Пра лес, бор, дрэвы і пад. Наставала мяккая, лагодная ноч. Лес стаіўся, натапырыўся, — слухаў. Злягаўся снег. Пташнікаў. Недзе ў сінечы неба спяваў жаўрук. Яго трапяткая песня звінела над полем, як струна на скрыпцы. І ўсё навокал сцішылася, нават вецер стаіўся ў леташняй парудзелай траве. Асіпенка.
2. Не прызнацца ў чым‑н. Але цяпер .. [Ганя] стаілася. Нічога не адказала. Грамовіч.
стаіцы́зм, ‑у, м.
1. Напрамак у антычнай філасофіі, які патрабаваў свядомага падпарадкавання чалавека пануючай у свеце неабходнасці і панавання чалавека пад страсцямі.
2. перан. Стойкасць, мужнасць у жыццёвых выпрабаваннях, здольнасць супрацьстаяць спакусам. Помнячы пра бацьку і прыносячы яму за ўсё зробленае для беларускай культуры шчырую падзяку, мы, аднак, бяром сабе за прыклад сына — яго [Максіма Багдановіча] любоў да Айчыны, служэнне ёй, яго непахіснасць і нязломны стаіцызм. «Маладосць».
[Ад назвы порціка Stoa ў Афінах, дзе вучыў філосаф Зянон.]
стаі́ць, стаю, стоіш, стоіць; зак., каго-што.
1. Утаіць, зрабіць невядомым, нябачным для іншых. У апошнюю .. кампанію, калі складалі спісы зямлі і жывёлы, Ключынскі запісаў васемнаццаць дзесяцін зямлі, а дзевяць дзесяцін стаіў. Галавач. [Вера:] — Не, я стаіла, што я архітэктар. Навошта? Каму і гэта патрэбна ў такі час? Мікуліч.
2. Не выказаць, не даць магчымасці заўважыць іншым (думкі, пачуцці і пад.). Глушко анямеў. Але ўзрушанасць стаіў, сеў за стол, зняў шапку. Навуменка. — Маня! — крыкнуў .. [Тамаш], стараючыся стаіць хваляванне. — Прынясі кубак вады. Краўчанка.
3. перан. Захаваць, зберагчы ў таямніцы (пра тое, што знешне не прыкметнае або яшчэ не вядомае). Яго [Капыля] старыя курганы Мо’ не адну стаілі быль. Астрэйка.
•••
Стаіць дыханне — перастаць дыхаць (ад напружання, пры чаканні і пад.).