чырванасця́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Чырванасцяжны полк. // Які атрымаў пераходны чырвоны сцяг. Мы разумеем, што працуе чырванасцяжная ўдарная брыгада, і мы крычым ёй калектыўнае прывітанне. Галавач.
2. Які складаецца, састаўлены з чырвоных сцягоў. Чырванасцяжнае, вольнае Зарыва ўдоўж і ўшыр... Стомлена выйшаў са Смольнага На вуліцу правадыр. Грачанікаў.
чырванатва́ры, ‑ая, ‑ае.
З чырвоным тварам. — Вы хто? — спытаў невысокі, шыракаплечы і чырванатвары лейтэнант. — Мы тутэйшыя, — адказаў Мікола. Новікаў. — Пяць рублёў, — буркнуў тоўсты чырванатвары чалавек, больш падобны на дырэктара маслазавода, чым на шафёра. Шамякін.
чырванафло́цец, ‑флотца, м.
Воінскае званне радавога саставу Ваенна-Марскіх Сіл СССР з 1935 да 1946 г., калі яно было заменена званнем «матрос». Калі б ведалі дзяўчаты. Што за служба ў іхніх хлопцаў, У адважных, слаўных хлопцаў — Маракоў-чырванафлотцаў. Гілевіч.
чырванафло́цкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да чырванафлотца. Чырванафлоцкая выпраўка. Чырванафлоцкая бесказырка.
2. Які мае адносіны да Чырвонага Флоту. Чырванафлоцкія эскадры.
чырванашчо́кі, ‑ая, ‑ае.
У якога ружовыя, чырвоныя шчокі. — Панна Марына! Папрасіце вы: можа на вашу просьбу госць зверне ўвагу, — звярнулася да дзяўчыны жандарыха, чырванашчокая, дабрадушная жанчына. Колас. З класаў навыперадкі пачалі выбягаць хлапчукі, чырванашчокія, вясёлыя. Кулакоўскі.
чырване́йшы, ‑ая, ‑ае.
Выш. ст. да прым. чырвоны.
чырване́цца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; незак.
Разм. Тое, што і чырванець (у 2, 3 знач.). За гаспадыню! — кажа Аржанец. — Каб за гэтым сталом хутка стаяла яшчэ больш гасцей. — І ён смяецца, гледзячы, як чырванеецца дзяўчына. Брыль. Чырванеліся ў аксамітнай зеляніне ягады. Сачанка.
чырване́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Станавіцца, рабіцца чырвоным; афарбоўвацца ў чырвоны колер. Не раз і не два хвалі возера чырванелі ад чалавечай крыві. Даніленка. Брусніцы Даспяваюць, чырванеюць, Як зарніцы. Панчанка.
2. Пакрывацца румянцам, станавіцца чырвоным ад прыліву крыві. Мікіта Мікітавіч чырванеў ад гневу, калі гаворка цяпер заходзіла пра Сасноўскіх. Карпаў. Надзейцы стала горача, твар то чырванеў, то бляднеў, яна зірнула на Калядзіна, шукаючы абароны. Хадкевіч. // перан. Бянтэжыцца, саромецца. [Галя:] — Калі гавораць пра хлопцаў, я заўсёды чырванею. Гарбук. Кухня была агульная, і на гэтай кухні даволі языкатая «палавіна» Івана Леўкіна не раз прымушала чырванець маладзенькую жонку Альберта Аляксандрава. Дадзіёмаў.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вылучацца сваім чырвоным колерам, віднецца (пра што‑н. чырвонае). Сярод зялёнага моху ўсюды чырванеюць буйныя спелыя брусніцы. В. Вольскі. У галлі і лісці бялеюць і чырванеюць яблыкі. Гарэцкі.
чырвані́цца, ‑ванюся, ‑вонішся, ‑воніцца; незак.
1. Афарбоўвацца ў чырвоны колер. Помніш выбухі, залпы, Чырваніліся далі... Броўка.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вылучацца сваім чырвоным колерам. Наперадзе, вельмі блізка, .. стаяў ельнік. На яго зялёнай сцяне чырвонілася асіна і жаўцелі дубы. Чорны.
3. Разм. Запэцквацца ў што‑н. чырвонае.
чырвані́ць, ‑ваню, ‑воніш, ‑воніць; незак., каго-што.
1. Рабіць чырвоным, барвовым, надаваць чырвоны, барвовы колер каму‑, чаму‑н. Дзесь за клёнам Месяц чырваніў усход. Колас.
2. Фарбаваць у чырвоны колер. Мне ж адно спакою не дае — Дзе, якой зарою чырваніла Яна [каханая] вусны тонкія свае. Броўка.
3. Разм. Пэцкаць у што‑н. чырвонае. Чырваніць рукі фарбай.