Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фікса́ж, ‑у, м.

Хімічны раствор, у якім прамываюць пасля праяўлення фатаграфічную плёнку, пласцінку або адбітак з яе для замацавання відарыса.

[Фр. fixage.]

фікса́тар, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Прыбор, прыстасаванне для рэгулявання, замацоўвання чаго‑н.

2. ‑у. Спец. Хімічныя рэчывы, якімі фіксуюць клеткі, тканкі, органы для захавання іх прыжыццёвай структуры.

3. ‑а. Той, хто фіксуе (у 2 знач.) што‑н. У сучасным мастацтве, гаворыць Міхась Савіцкі, ёсць нямала прыкладаў, калі натура бярэ верх. Творца становіцца фіксатарам. «Маладосць».

[Фр. fixateur.]

фікса́тарны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фіксатара, прызначаны для фіксатара. Фіксатарны кранштэйн. Фіксатарны ізалятар.

фіксатуа́р, ‑у. м.

Памада для прыгладжвання валасоў, якая надае прычосцы адпаведную форму.

[Фр. fixatoir.]

фіксаты́ў, ‑тыву, м.

Спец. Раствор, якім пакрываюць карандашныя малюнкі, чарцяжы, каб захаваць іх ад псавання.

[Фр. fixatif.]

фіксацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фіксацыі.

фікса́цыя, ‑і, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. фіксаваць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. фіксавацца. Фіксацыя ўвагі. Фіксацыя тканкі. Фіксацыя землетрасення.

фікты́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць фіктыўнага. Фіктыўнасць лічбаў.

фікты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які з’яўляецца фікцыяй; несапраўдны. Фіктыўная хвароба. □ [Тоня] стане яго [Валянціна] фіктыўнай жонкай або сястрой і разам з другімі падпольшчыкамі будзе яму насіць есці да моста. Няхай. // Падроблены, фальшывы. Хто-хто, а Насця добра ведала, колькі разоў Пахом падаваў у бухгалтэрыю фіктыўныя дакументы. Сіняўскі.

•••

Фіктыўны капітал — капітал, які існуе ў выглядзе каштоўных папер (акцый, аблігацый і пад.), якія ўласнай вартасці не маюць, але даюць права на пэўны даход.

Фіктыўны шлюб гл. шлюб.

фі́кус, ‑а, м.

Вечназялёная трапічная расліна сямейства тутавых. Побач з бярозамі, дубамі і букамі раслі вечназялёныя алеандры, буйныя фікусы, магноліі, лаўры, разнастайныя міртавыя дрэвы. М. Ткачоў. // Дэкаратыўная расліна з шырокімі авальнымі лістамі, якая вырошчваецца ў пакоях і аранжарэях. Ля [акон] аж пад самую столь лапушыліся фікусы. Сабаленка.

[Лац. ficus — фігавае дрэва.]