Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тваро́жнік, ‑а, м.

Печаная невялікая аладка з тварагу; сырнік. Нехта ўжо запрашаў другога пакаштаваць тварожнікаў, ці блінцоў, ці вяндлінкі, ці сухой каўбаскі. Хадкевіч.

тваро́жніца, ‑ы, ж.

Пасудзіна для тварагу.

тваро́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тварагу. Тварожная маса. // Прыгатаваны з тварагу. Тварожны пудынг. Тварожны сыр.

2. Звязаны з вырабам тварагу. Тварожны цэх малочнага завода.

тваро́жысты, ‑ая, ‑ае.

Падобны знешнім выглядам на тварог. Тварожысты асадак.

тваро́жыцца, ‑жыцца; незак.

1. Ператварацца ў тварог (пра малако).

2. Зал. да тварожыць.

тваро́жыць, ‑жу, ‑мыш, ‑жыць; незак., што.

Квасіць малако для атрымання тварагу. Тварожыць малако.

тва́рык, ‑а, м.

Памянш.-ласк. да твар (у 1 знач.). Нейкі смутак прабяжыць іншы раз па .. замурзаным тварыку [Агаткі]. Колас. Валюшка абудзілася першай. Ружовы ранішні прамень пяшчотна казытаў яе бялявы тварык. Шчарбатаў.

твары́цца, творыцца; незак.

1. Рабіцца, адбывацца. — Што на свеце пачало тварыцца, — разважаў .. [Яхім]. — Вір закруціў людзей, і ўсё паляцела дагары нагамі. Колас. Базарная плошча апусцела, на вуліцы творыцца незразумелае: плачучы, жанчыны вядуць пад рукі мужчын, захліпаецца гармонік, абняўшыся, надрываючы да знямогі галасы, спяваюць двое п’яных. Навуменка. Радыёла так грымела, што ў нашым пакоі нельга было чытаць. Можаце ўявіць, што тварылася ў тым пакоі, дзе жылі Віктар з Ганнай. Гаўрылкін.

2. Стварацца (пра якія‑н. матэрыяльныя або духоўныя каштоўнасці). У вёсцы збіраецца моладзь. Там спяваюць новую песню пра шчасце, што творыцца наступным пакаленням. Чорны.

3. Зал. да тварыць.

твары́ць, твару, творыш, творыць; незак., што.

1. і без дап. Ствараць у працэсе творчай дзейнасці матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. У самоце-адзіноце Песні, байкі ён [Сымон] тварыў. Колас. Не для славы імкнуся цябе я тварыць, Мая песня, мой заклік свабодны. Васілёк. [Андрэй:] — Да гэтага часу .. [фашысты] дамагліся толькі аднаго: спаганілі сваю ўласную мову, цудоўную нямецкую мову, на якой тварылі Гёте і Гейнэ, Маркс і Тэльман. Шамякін.

2. Рабіць, здзяйсняць. Тварыць вялікія справы. Тварыць дабро. □ Па тэлефоне Фінця Паўлаўна дазналася, што ў Маскве ёсць Інстытут касметычнай медыцыны. Там усё можна высветліць. Там твораць цуды касметыкі. Грамовіч. У чалавека ёсць два жыцці: адно жыццё творыць ён сам, а другое не залежыць ад яго і часта выходзіць за межы яго волі .. Так адчуваў Лабановіч, але замацаваць сваё адчуванне ў пэўнай форме не здолеў. Колас. Мы і гісторыю нашу Знаем ад самых асноў — Мы яе творым на справе Болей чым трыццаць гадоў. Куляшоў. // Чыніць, вырабляць што‑н. такое, што выходзіць за рамкі звычайнага, нармальнага. Ганна добра ведала, якія жахі твораць фашысты на акупіраванай тэрыторыі. Няхай.

тварэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. тварыць (у 1 знач.).

2. Тое, што створана ў працэсе творчай дзейнасці; твор. Паэма «Курган» — тварэнне Купалы. Карціна «Партызанская мадонна» — тварэнне Савіцкага. □ Легенды і казкі — тварэнне людзей — на хвалях сваіх аднясе [Біруса] ў Енісей. Дубоўка. І ўпрыгожыцца зямля .. велічнымі тварэннямі [будаўнікоў], тая зямля, на якой многа год таму назад пакутавалі ў нястачы і голадзе іх дзяды і бацькі. Кулакоўскі.