скры́ва, прысл.
Разм. Тое, што і скоса. Глядзеў адзін пан Богут скрыва, Як воўк, уткнуўшыся ў паркан. Колас.
скрыва́віцца, ‑ваўлюся, ‑вавішся, ‑вавіцца; зак.
Разм. Пакрыцца крывавымі ранамі, заліцца кроўю; запэцкацца ў кроў.
скрыва́віць, ‑ваўлю, ‑вавіш, ‑вавіць; зак., каго-што.
Разм. Збіць, зраніць да крыві; пакрыць, запэцкаць кроўю. [Тодар:] — А Голавкокавага быў збілі на горкі яблык .. Скрывавілі ўсяго хлопца як мае быць. Крапіва. [Дубіцкі:] — Тады мяне тапталі нагамі, таварыш Кісялёў, мяне скрывавілі да таго, што я не мог ні ляжаць, ні сядзець. Чарнышэвіч. Раненне ў Міколы было не цяжкае — кантузія і некалькі невялікіх асколкаў парвалі пінжак ды скрывавілі плечы. Якімовіч.
скрываду́шнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Паступіць крывадушна, двудушна.
скрыва́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. скрываць — скрыць.
скрыва́ўлены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад скрывавіць.
2. у знач. прым. Пакрыты, заліты кроўю. Дзед Нупрэй, глянуўшы па скрываўленыя ногі і твар унука, страшэнна перапалохаўся: ці не здарылася што з ім? Шуцько. Матруна ўпала на калені, цалавала Грышку ў збялелы замурзаны твар, галасіла, а то, сціхаючы, прыкладвалася вухам да яго скрываўленых грудзей. Марціновіч.
скрыва́ўлівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да скрывавіцца.
2. Зал. да скрываўліваць.
скрыва́ўліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да скрывавіць.
скрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да скрыць.
скрыві́цца, скрыўлюся, скрывішся, скрывіцца; зак.
1. Зрабіцца крывым, няроўным; перакрывіцца, выгнуцца. [Лявон:] — Полаз у санак скрывіўся. Жычка. На вуліцы жоўты пясок, Скрывілася хата набок, Яе кулямётныя кулі Навылет, як ветрам, прадзьмулі. Астрэйка. Прыплёўся .. [сабака] з лесу галодны, хворы, з абмарожанымі пярэднімі нагамі, якія пасля скрывіліся так, што было смешна і балюча глядзець, як бяжыць гэтае сабачаня. Ваданосаў. Скрывіўшыся ў сядле,.. [коннік] кінуў каманду назад: — А ну, падцягніся! Лынькоў.
2. Разм. Зрабіць грымасу, міну, якая выказвае незадавальненне, пагарду, боль і інш. — Я нікому не казаў, — закрычаў Міхалка і ад болю ў плячы скрывіўся. Чорны. [Алесь:] — Яшчэ і мой Андрэй напэўна скрывіцца, як даведаецца, што бацька ў сорак пяць гадоў надумаўся ажаніцца. Васілевіч. Бародка зноў спыніўся каля ложка, і твар яго так скрывіўся ад болю і злосці, што Марына спалохалася. Шамякін.