Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

саксафо́н, ‑а, м.

Медны духавы музычны інструмент.

[Фр. saxophone ад грэч. phōnē — гук.]

са́кскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да саксаў, які належыць, уласцівы ім.

саксо́нец,

гл. саксонцы.

саксо́нка,

гл. саксонцы.

саксо́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Саксоніі, саксонцаў, які ўласцівы, належыць ім. Саксонскае паходжанне.

•••

Саксонскі фарфор гл. фарфор.

саксо́нцы, ‑аў; адз. саксонец, ‑нца, м.; саксонка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. саксонкі, ‑нак; ж.

Насельніцтва акругоў Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі, якія размешчаны на тэрыторыі былога каралеўства Саксонія.

са́ксы, ‑аў; адз. сакс, ‑а, м.

Старажытнае германскае племя, якое насяляла паўночназаходнюю Еўропу і Брытанію.

саку́рснік, ‑а, м.

Студэнт з аднаго з кім‑н. курса.

саку́рсніца, ‑ы, ж.

Жан. да сакурснік.

са́ла, ‑а, н.

1. Тлушчавае адкладанне ў целе жывёльнага арганізма. Так кормяць у нас багацейшыя гаспадары парсюкоў, калі хочуць нагадаваць тоўстае сала. Якімовіч.

2. Прадукт, што атрымліваецца з тлушчавага рэчыва, які ўжываецца для харчавання. Таня пакорпалася ў сваім кошыку і выцягнула кавалак сала, тоўстага, белага з тонкай жоўтай скуркай. Новікаў. // Растоплены тлушч; тук. Дзеля госця Марта напякла скавародку сала, і ўсе мачалі ў яго бульбу і елі ўрачыста, па-святочнаму. Брыль. Пэўна, у печы на вялізнай скаварадзе аржаныя бліны ў сале топяцца... Бядуля.

3. Змазачнае рэчыва мінеральнага або расліннага паходжання. Машыннае сала. Свечачнае сала.

4. Ледзяная кашка, якая ідзе па паверхні вады перад замярзаннем вадаёма. Аднойчы раніцай я выйшаў на палубу і ўбачыў, што ўсё мора пакрыта нібы рыбнай луской. Гэта быў малады, зусім дробны лядок, які на мове маракоў называецца салам. Бяганская. Сала па рацэ плыло. Густа-густа. А каля берагоў, гэтак на метр, лёд завязаўся. Шашкоў.

•••

Скурнае сала — тлушчавае рэчыва, якое выдзяляецца залозамі скуры.

Заліць за скуру сала гл. заліць ​1.