Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фіёрд, ‑а, М ‑дзе, м.

Вузкі, з крутымі і высокімі берагамі марскі заліў, які глыбока ўразаецца ў сушу. Дамовіўся.. [датчанін] з некалькімі эскімосамі, што яны на сваіх чаўнах паплывуць на той бок фіёрда. — так завуць марскія затокі з вельмі крутымі скальнымі берагамі, — накосяць там травы, насушаць яе і прывязуць яму гатовае сена. Дубоўка.

[Нарв. fjord.]

фіёрдавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фіёрда; з фіёрдамі. Фіёрдавы бераг.

фі́жмы, ‑аў; адз. няма.

Уст.

1. Шырокі каркас, зроблены з кітовага вуса ў выглядзе абруча, які надзяваўся пад спадніцу і надаваў пышнасць фігуры.

2. Шырокая спадніца на такім каркасе.

[Ад ням. Fischbein — кітовы вус.]

фіз...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «фізічны» (у 4 знач.), напрыклад: фіззарадка, фізпадрыхтоўка, фізорг.

фіза́ліс, ‑у, м.

Травяністая расліна сямейства паслёнавых, плады якой выкарыстоўваюцца ў медыцыне, кандытарскай вытворчасці і кулінарыі. Сымонаву звяну быў даручаны фізаліс двух гатункаў: ягадны (сунічны) і звычайны (марынадны). Дубоўка.

фіззара́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Фізічная зарадка. Раніцой, перад пачаткам работы, арцельшчыкі ахвотна праводзілі фіззарадку. «Беларусь».

фізіёлаг, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне фізіялогіі (у 1 знач.).

фі́зік, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне фізікі. // Разм. Выкладчык фізікі. Настаўніцу па матэматыцы замяніў фізік. // Разм. Студэнт, які вучыцца на факультэце фізікі.

фі́зіка, ‑і, ДМ ‑зіцы. ж.

1. Навука, якая вывучае будову, агульныя ўласцівасці і законы руху матэрыі. Электронная фізіка. // Спецыяльная дысцыпліна, якая вывучае гэту навуку. Урок фізікі. Кабінет фізікі. // Разм. Падручнік, па якім вывучаецца гэта навука.

2. Будова, агульныя ўласцівасці і законы руху якой‑н. матэрыі; веды пра такую будову, уласцівасці, законы. Фізіка атмасферы. Фізіка крышталяў.

•••

Атамная фізіка — раздзел фізікі, які вывучае будову і стан атамаў.

Фізіка цвёрдага цела — раздзел фізікі, які вывучае фізічныя ўласцівасці і структуру цвёрдых цел, распрацоўвае тэарэтычныя асновы для іх тлумачэння.

Ядзерная фізіка — раздзел сучаснай фізікі, у якім вывучаюцца атамныя ядры, працэсы, што адбываюцца ў ядры, і элементарныя часціцы.

[Грэч. physike.]

фізіка-...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая ўказвае на адносіны да фізікі, напрыклад: фізіка-геаграфічны, фізіка-матэматычны.