Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ру́ністы, ‑ая, ‑ае.

Які мае густое руно, густую шэрсць. Руністая парода авечак.

руні́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рунаў. Рунічнае пісьмо.

руно́, ‑а, н.

Шэрсць авечкі. Тонкае руно.

•••

Залатое руно — у грэчаскай міфалогіі: залатая шкура барана.

ру́ны, рун; адз. руна, ‑ы, ж.

1. Старажытныя пісьмёны, якімі карысталіся пераважна скандынавы і якія захаваліся ў надпісах на камянях і іншых прадметах. Шмат якія руны відавочна маюць сляды апрацоўкі, але зроблена яна тонка. Лужанін.

2. Старадаўнія народныя песні ў карэлаў, фінаў і эстонцаў.

рунь, ‑і, ж.

Усходы, пасевы азімых культур. Пасля дажджоў на полі дружна паднялася зялёная рунь. Навуменка. Ужо засыпаў на бярозах майскі жук, ліст убраўся ў сілу, а на палетках вырасла маладая рунь. Лупсякоў. Статак пагналі за выган, на жытнёвую рунь. М. Ткачоў.

ру́пар, ‑а, м.

1. Труба канічнай формы, якая служыць для ўзмацнення гуку. У руках цыбатага хлапца апынуўся бляшаны рупар, і, прыставіўшы яго да вуснаў, ён загудзеў: — Таварышы! Перш за ўсё правядзём спаборніцтва бегуноў. Мікуліч. // перан.; чаго. Кніжн. Той, хто перадае, выказвае, распаўсюджвае чые‑н. ідэі, погляды. З гаворкай Якубовіча ніяк не згаджаецца Антон Корж, вобраз якога ў апавяданні па сутнасці з’яўляецца рупарам ідэй аўтара. Лойка. Агітацыйна-масавая графіка перыяду грамадзянскай вайны была рупарам ідэй Камуністычнай партыі. Шматаў.

2. Разм. Рэпрадуктар у выглядзе такой трубы. У пасёлку каля слупа з рупарам стаяла некалькі мужчын і жанчын з дзецьмі. Кулакоўскі. — Дарэчы, чаму ў вас на кухні ніколі рупар не выключаецца? Грамовіч.

[Ад гал. roerper.]

ру́парны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рупара, забяспечаны рупарам. Рупарная антэна.

рупатлі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць рупатлівага. У .. голасе [Крушынскага] чулася надзвычайная рупатлівасць. Бядуля.

рупатлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і руплівы.

ру́песак, ‑ску, м.

Абл. Клопат, стараннасць, руплівасць. Амбражэвіча ў раёне ўсе звалі бацькам, як за гады, так і за разумную сталасць і сапраўды бацькоўскі рупесак і клопат аб усім. Мурашка. Мінуліся вясёлыя забавы, — І матчын рупесак, яе трывогі Душу дзіцячую кранулі без пары. Вітка.