Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чыгу́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Рэйкавая дарога, прызначаная для руху паяздоў. Гасцінец.. быў адзіны шлях зносін паміж гарадкамі, чыгунка была далёка. Чорны. А там за возерам, як струнка, Пралегла роўненька чыгунка. Вось пераезд даўно знаёмы; Правей вакзальныя харомы. Колас.

2. Комплекснае транспартнае прадпрыемства, якое забяспечвае перавозку пасажыраў і грузаў па такой дарозе. Працаваць на чыгунцы. □ [Кавалеўскі:] — Ужо дамовіўся з Упраўленнем чыгункі, даюць чатыры пакоі ў новым доме. Карпаў.

3. Разм. Жалезная печка. На чыгунцы грэўся чайнік.

чыгу́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да чыгуну (у 1 знач.). Чыгуннае ліццё. Чыгунная чушка. □ Запасы ржавага жалеза — даўжэзныя прэнты, найцяжэйшыя колы, ўсялякі чыгунны лом — ляжала ўсё гэта паўз глухія сцены цэхавых карпусоў. Чорны. // Выраблены, выліты з чыгуну. Чыгунная агароджа. □ Схіліўшы цяжкую галаву на ўзорыстую спінку чыгункай лаўкі, Крысціна задрамала. Васілевіч. Ахоўнік павёў .. [Вольгу] ў барак; у пакоі, дзе палілася чыгунная печка і было душна, прадставіў тоўстаму начальніку. Шамякін. // перан. Цяжкі, цвёрды, як чыгун. А ці не так, зямлянін, ты? Было і ёсць. Свінцовы дождж. Чыгунны крок. І ўсё ж, і ўсё ж, Пакуль кароткі перадых, Адтае сэрца. Губ тваіх Не згасне спёка. Семашкевіч.

чыгуно́к, ‑нка, м.

Памянш. да чыгун (у 2 знач.); невялікі чыгун. Маці з Маняй начысцілі бульбы, расклалі на камінку агонь і паставілі чыгунок на трыножнік. Якімовіч.

чыгу́нчык, ‑а, м.

Памянш. да чыгун (у 2 знач.); невялікі чыгун. Тым часам маці даставала Чыгунчык з печы, лыжку брала І верашчаку налівала. Колас.

чыж, ‑а, м.

Невялікая лясная пеўчая птушка сямейства ўюрковых. Гэта чыж спявае... На галінах высока-высока над зямлёй гнездзіцца. Мыслівец.

чы́жык, ‑а, м.

1. Памянш.-ласк. да чыж; тое, што і чыж.

2. Дзіцячая гульня, у якой завостраная з двух канцоў палачка заганяецца кіем у круг. // Сама завостраная палачка ў гэтай гульні.

чы́зель, ‑я, м.

Цяжкі культыватар для глыбокага рыхлення глебы.

[Ад англ. chisel.]

чый 1, чыя, чыё; займ.

1. пытальны. Абазначае пытанне аб прыналежнасці каго‑, чаго‑н. каму‑н. Чый гэта лес? Чыя гэта хата? □ Чые гэта кіпці Упіліся ў горла Ніла? Панчанка. // З якой сям’і, з якога роду. — Чый жа ты будзеш? — спытаў я ў хлапчука. Бажко.

2. неазначальны. Разм. Чый-небудзь, чыйсьці. [Ліпа] брала кнігі ў рукі, гладзіла іх, раўняла або выпроствала лісткі.. Многа было ў яе чытачоў, і рэдка чыйго густу не ведала яна. Алешка.

3. адносны. Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы. Хто ж такі Мартын Рыль, чый арышт узрушыў новага войта? Колас. Не завіце безыменнымі Загінуўшых за волю, Над чыім курганам Помніка няма. Танк.

4. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. [Броня:] Чаго.. [Шкуранкоў] нешта насуплены пайшоў?.. [Гудовіч:] Ды як жа!.. Дагэтуль сядзеў і чакаў, чыя возьме, а цяпер лічыць, што ўжо ўсё вырашана, і таму можна не саромецца. Крапіва. Ведае кошка, чыё сала з’ела. Прыказка.

5. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. [Дачка:] — Няхай той з вас, чыя кабыла, выпража яе з калёс ды вядзе ў руках, а той, чые калёсы, няхай цягне іх на сабе ў другі бок. Якімовіч.

чый 2, ‑ю, м.

1. Высокі стэпавы кавыль, які расце ў Сярэдняй і Цэнтральнай Азіі. Сцябло чыю. Карэнне чыю.

2. Высушаныя сцёблы гэтай расліны, якія выкарыстоўваюцца для пляцення розных вырабаў, а таксама як сыравіна для папяровай і цэлюлознай вытворчасці. Цыноўка з чыю.

чы́йсьці, чыйсьці, чыёсьці; займ.

неазначальны. Які невядома каму належыць. Маленькія камарыкі-таўкунчыкі кучкамі гулялі на сонцы, як бы чыясьці нявідная рука трэсла ў паветры маленькую сетачку. Колас. Я ўжо хацеў паспрабаваць шчасця, як раптам пачуў за спінай чыйсьці незнаёмы голас: — Ты што робіш тут, хлопчык? Шыловіч.

чый-не́будзь, чыя-небудзь, чыё-небудзь; займ.

неазначальны. Які належыць каму‑н. Тое, што Міканор збіраўся бурыць не чыё-небудзь, а сваё гумно, не давала супакаення. Мележ.