Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

рамяство́, ‑а; мн. рамёствы, ‑аў; н.

Вытворчасць якіх‑н. вырабаў ручным саматужным спосабам з дапамогаю простых прылад. Ганчарнае рамяство. □ Непадалёк ад нас жыла сястра маёй маці з мужам шаўцом — саматужнікам, у якога я стаў вучыцца рамяству. А. Александровіч. // Прафесія, занятак. [Астап:] — Ах ты, кажу, падшыванец!.. Не хочаш вучыцца — дык асвойвай бацькава рамяство, садзіся за машыну і круці баранку. Капусцін.

ра́на ​1, ‑ы, ж.

1. Пашкоджанне тканак жывога арганізма, парушэнне яго цэласнасці. Смяротная рана. □ Аня схамянулася, пачала хутка перавязваць рану. Мележ. Цяжкія раны ад апёку на руках і спіне, ад болю [Васіль] страціў прытомнасць, цяпер, здавалася хлопцу, перасталі ныць. Ваданосаў.

2. перан. Душэўны боль, пакуты. [Лузавец:] — Мне думаецца, работа — самыя найлепшыя, самыя дзейсныя лекі ад усякай раны. Усё, аб чым баліць душа, павінна вылечыць праца... Краўчанка. Ніколі не залечваюцца раны на сэрцы ў таго, Хто быў жывым З крывёю ад радзімы адарваны. Аўрамчык. // Пра шкоду, страты, прычыненыя чаму‑н. З дапамогай брацкіх народаў краіны Беларусь залячыла раны ваеннага ліхалецця, адбудавала гарады і вёскі. «Звязда». Свабодная зямля Загоіць хутка свае раны. Танк.

•••

Агнястрэльная рана — рана, прычыненая куляй або асколкам баявога зарада.

Жывая рана — а) рана, якая яшчэ не зажывае; б) перан. вострае, нядаўняе гора, пакута.

Сыпаць соль на раны гл. сыпаць.

Хоць ты да раны кладзі гл. класці.

ра́на ​2, прысл.

1. Раніцай, уранні. Назаўтра рана, той самай загуменнай сцяжынкай, ішлі на могільнік чатыры мужчыны з рыдлёўкамі. Брыль. І ў лесе — мір і цішыня, Якіх так праглі партызаны. Паслухай вечарам ці рана: У лесе — мір і цішыня. Кляўко. // у знач. наз. ра́на, нескл., н. Раніца. З вечара да рана.

2. Раннім часам, у першы перыяд раніцы. [Віктар] ведаў, што Зелянюк паедзе ўранні, але не думаў, што гэтак рана. Зарэцкі. — Навошта так рана .. [Паўліка] будзілі? — запытала маці. С. Александровіч. // безас. у знач. вык. Пра ранні час. Было яшчэ рана, сонца толькі паднялося над лесам. Хомчанка.

3. Да ўстаноўленага або патрэбнага часу. Снедалі рана, як снедаюць звычайна перад дарогай. Брыль. І Дзімка рады быў — завязе спорненька вязку [сена] на кірмаш, не вельмі стоміцца і рана дамоў вернецца. Капыловіч. // безас. у знач. вык. Пра тэрмін, які яшчэ не настаў, не прыйшоў. Была такая часіна, калі і агонь паліць яшчэ рана, і не паліўшы яго — прыцемна. Баранавых. // безас. у знач. вык. Пра непадрыхтаванасць да чаго‑н., адсутнасць прычын для чаго‑н. Пачынаць будаўніцтва яшчэ рана. □ Салдаты, каторыя вярнуліся з вайны без рук ды без ног, кажуць — адчайвацца яшчэ рана. Якімовіч.

•••

Рана ці позна, рана-позна — калі‑н. (пра тое, што абавязкова павінна здарыцца).

Раным-рана — вельмі рана, як толькі можна рана.

ранава́та, прысл.

Разм. Крыху рана. — Ці не ранавата, Іван Нічыпаравіч, — гаварыў Барташэвіч, устаючы з пасцелі. Апіраючыся на палку, ён прайшоўся па склепе. Якімовіч. — А курыць, брат, яшчэ ранавата, — сур’ёзна сказаў Толя заўчаснаму кавалеру, які і так зачырванеўся да вушэй. Брыль.

ра́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да раны ​1 (у 1 знач.). Ранавая інфекцыя.

ра́нак, ‑нку, м.

Пачатак дня; раніца. З самага ранку. Ад ранку да вечара. □ [Дзень] пачаўся ціхім жнівеньскім ранкам, калі асцярожна ўзыходзіць сонца, нібы вобмацкам прабіраючыся праз заслону туману. Пестрак.

•••

Добрага ранку! — ранішняе прывітанне пры сустрэчы.

ранг, ‑у, м.

1. Ступень адрознення, чын, спецыяльнае званне каго‑н. Дыпламатычныя рангі. Ранг паручыка. Тэхнік-інтэндант другога рангу.

2. Катэгорыя, разрад якіх‑н. прадметаў, з’яў або асоб. Узводзіць у ранг дзяржаўнай палітыкі. Узвесці ў ранг літаратурнай нормы. □ [Астаповіч] часамі нават заікаўся — калі чаго-небудзь спяшаўся ў гаворцы або растлумачваў што чалавеку, вышэйшаму за сябе жыццёвым рангам. Чорны.

•••

Капітан 3‑га рангу гл. капітан.

Капітан 2‑га рангу гл. капітан.

Капітан 1‑га рангу гл. капітан.

[Ням. Rang.]

ра́нгавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рангу.

ранго́ўт, ‑а, М ‑гоўце, м.

Спец. Сукупнасць драўляных або стальных прыстасаванняў на судне (мачты, рэі і пад.), якія служаць для пастаноўкі і расцягвання парусоў, падымання цяжараў, падачы сігналаў.

[Гал. rondhout.]

ранго́ўтны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да рангоўта, прызначаны для яго. Рангоўтныя канаты.

2. Такі, у якога ёсць рангоўт (пра судна). Рангоўтнае судна.

рандо́ ​1, нескл., н.

Вершаваная форма з абавязковым паўтарэннем у страфе адных і тых вершаў у пэўным парадку; вершы, напісаныя ў такой форме.

[Фр. rondeau.]

рандо́ ​2, нескл., н.

Спецыяльна закруглены рукапісны, а таксама друкаваны шрыфт. // Назва пяра з парным канцом для пісання такім шрыфтом.

[Фр. rondeau.]