Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чуць 1, чу́ю, чу́еш, чу́е; незак.

1. каго-што, з дадан. сказам. Успрымаць, адрозніваць гукі, шумы і пад. пры дапамозе органа слыху. Грабцы — дзяўчаты, маладзіцы — Штораз варушацца жывей, Бо чуюць голас навальніцы, А хмары сунуцца бліжэй. Колас. Стаіць [Іван пад дубам].., аж чуе — пішчаць на дубе ў гняздзе птушаняты. Якімовіч. // Успрымаць слыхам (размову, выказванне і пад.), разумеючы, усведамляючы сэнс. — Нешта наш настаўнік больш жвавым зрабіўся, — чуў Мікола шэпт сярод дзяўчат. Бядуля. [Галасы:] — Брава! — Наша ўзяло! — «Светлы шлях» перамог! [Пытляваны:] Мы яшчэ не чулі слова маладой. [Насця:] Дапамажы, мама! Не ведаю, што мне сказаць на гэта. Крапіва.

2. без дап. Мець слых. Мы ўжо давай паказваць немцу знакамі, што чалавек глухі, не чуе, што мы ўжо, калі гэтак трэба, то самі яго пазавём. Кулакоўскі.

3. аб кім-чым, пра каго-што і з дадан. сказам. Мець якія‑н. звесткі, паведамленне ведаць з размоў, чутак пра каго‑, што‑н. [Бывалы:] — Я прыйшоў да вас таму, што чуў, быццам у вас ёсць атрад. Новікаў. Партызаны пыталіся, мо чулі танкісты пра сваякоў, родных, абменьваліся адрасамі. Грамовіч. Ён жа [камбат] быў чалавекам, Сябрам быў нам усім... І амаль чвэртку веку Мы не чулі аб ім. Прыходзька.

4. каго-што і чаго. Успрымаць, пазнаваць шляхам адчування; адчуваць. Не чуць абмарожанага пальца. □ Нарэшце па віхрах, па сцюжы Заглянуў вясенні прасвет; Ці чуеш, ці бачыш, мой дружа, Як іншым, як лепшы стаў свет? Купала. Накурылі [госці], не чулі дыму і не расчынялі дзвярэй. Пташнікаў. // Прадчуваць, здагадвацца. [Бабуля:] — А Туман [сабака] наш — разумнік. Чуе разлуку. Увесь дзень не адыходзіць ні на крок. Шыловіч. — Нашы прыйдуць. Сэрца маё чуе гэта, — .. [Таня] паднялася. Шамякін. Чуюць восень і шпачкі, што статкам кружацца над іржышчам. С. Александровіч. // Разм. Распазнаваць чуццём (пра жывёл). [Нарушэвіч:] — Сабакі ў гаспадара чуткія — воўка чуюць за вярсту, паганых людзей — за дзесяць. Машара. — [Сабака] некага чуе! — нагнуўшыся і разглядаючы прымятую траву на месцы бойкі, сказаў лейтэнант. Зуб. А тут жа, крыху ніжэй, .. [конь] бачыць і чуе нюхам смачную дзяцеліну — маладую, свежую. Якімовіч.

5. (са словам «сябе»). Мець тыя ці іншыя (фізічныя, псіхічныя) адчуванні. Васіль усё ж чуў сябе ніякавата, чужым і... чакаў адно той пары, калі можна будзе, не рызыкуючы прыстойнасцю, вырвацца сабе на волю. Мележ. [Зося] цяпер пачала зусім чуць сябе тут [у Сегенецкіх] як да часу. Чорны.

6. у знач. пабочн. чу́еш (чу́еце). Разм. Ужываецца, каб падкрэсліць сказанае, як настойлівае ўказанне, патрабаванне. Добрай раніцы, сэрца народа, Добрай раніцы, горад-герой! Чуеш, нашы спяшаюць з Усходу, Бачыш, нашы навекі з табой. Астрэйка. Не плач на ўроку, чуеш, Мілаевіч!.. Сіпакоў.

7. у форме інф., у знач. вык. Тое, што і чуваць. Ну, вось, здаецца, што ўсё ўжо разгледзеў. Перагарэлі смалістыя дровы. Чуць на дварышчы гамонка суседзяў. Танк.

•••

Адным вухам (краем вуха) чуць — часткова, няпоўнасцю, няправільна чуць што‑н.

І чуць не чуў — поўнае адмаўленне ад чаго‑н.

На свае (ўласныя) вушы чуць; сваімі вушамі чуць — непасрэдна самому чуць што‑н.

Не чуць душы ў кім — вельмі моцна, бязмежна любіць каго‑н.

Не чуць зямлі пад сабой (пад нагамі) — быць у радасным, прыўзнятым настроі ад чаго‑н.

Ні рук ні ног не чуць — моцна стаміцца.

Ног не чуць пад сабой — а) вельмі хутка бегчы. Жанкі ўрассыпную, ды драла. Не чуюць і ног пад сабою. Колас; б) вельмі стаміцца; в) быць важным або ў вельмі добрым настроі.

Носам чуць — вельмі добра, востра адчуваць, прадчуваць што‑н.

Чуць дух чый — адчуваць чыю‑н. строгасць, баяцца каго‑н.

Чуць з трэціх вуснаў — не непасрэдна, праз некага.

Шнуры на сабе не чуць — быць вельмі распушчаным, сваволіць, рабіць што‑н. шкоднае (звычайна пра дзяцей).

чуць 2, прысл. і злучн.

1. прысл. Ледзь, трохі. Ветрык краскі чуць калыша, Травы шалясцяць. Колас. На .. [бацькавым] твары паказалася чуць прыкметная ўхмылка. Гартны. Зайшоўшы глыбей, .. [Маша] чуць прыўзняла сукенку, і Славік любаваўся яе прыгожымі каленямі з залатымі кропкамі радзімак. Шамякін.

2. злучн. Ужываецца ў даданых часавых сказах у значэнні: як толькі, ледзь толькі. Чуць на небе зара Занімаецца, У курнай хаце мужык Падымаецца. Купала. Толькі спрактыкаваны чалавек мог намацаць пад рудой тванню цвёрдую палоску насцілу. Чуць збочыў — і плюхнешся ў тарфяную калатушу. Новікаў.

•••

Чуць дзень гл. дзень.

Чуць свет гл. свет.

Чуць-чуць — зусім нямнога.

Чуць што — як толькі штосьці здарыцца, пры ўсякім выпадку.

чу́чала, ‑а, н.

1. Набітая чым‑н. скура жывёлы або птушкі, якая знешнім выглядам нагадвае жывую жывёлу ці птушку. Чучала мядзведзя. □ — А я зрабіў у падарунак школе чучала палярнай савы, — паведаміў Тынэлькут. — Яна зусім як жывая. Бяганская. Калі на палях заканчваюцца ўсе работы, можна добра папаляваць з чучаламі на цецерукоў. Ігнаценка. // Фігура чалавека, зробленая з гліны, воску, саломы або набітай чым‑н. адзежы чалавека. У тэатрах і кабарэ загулялі чучалы Вільгельма і Франца-Язэпа. Гартны.

2. Пра неахайнага, бруднага, непрыгожа апранутага чалавека. [Насця:] — Ну, паглядзі ты [Кузьма] на сябе: на каго ты падобен у гэтым рызмане? Дзе ж ёсць другое такое пудзіла на свеце? Не чалавек, а чучала! Колас.

3. Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. — Чучала! — паслаў.. [стражніку] Рыгор удагон і ў момант выпусціў з памяці паліцэйскага. Гартны.

чу́чальнік, ‑а, м.

Майстар па вырабу чучалаў (у 1 знач.).

чу́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Абл. Костачка сагнутага пальца. — Го, мой браток! — і дзед Куцейка Пастукаў чучкаю аб бронь. Колас. [Стахно] ўстаў, акінуў позіркам пакой, падышоў да акна, пастукаў чучкамі па падаконніку. Пальчэўскі.

чу́шка 1, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм. Свіння. — На плоў толькі барашак падыходзіць, — тлумачыў, седзячы на акне, худы чарнявы палонны. — Свініна? Чушка? Не-э-эт! — закапыліў ён нос і махнуў рукою: — Не-эт! О, у нашым Андзіжане робяць плоў! С. Александровіч. Сыч задумаў нейкі свінарнік на тысячу галоў чушак з механізаванай кармакухняй. Паслядовіч.

чу́шка 2, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Злітак металу ў форме бруска.

чу́шкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да чушкі ​2.

чха́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да чхання, які выклікае чханне. Чхальны газ. Чхальная сутарга.

чха́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. чхаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.

чха́цца, ‑аецца; безас. незак.

Пра наяўнасць неадольнага жадання чхаць. Прыйшло Іллюку на памяць, што як чхаецца, дык і слёзы на вачах знаходзяцца. Калюга.

чхаць, чхаю, чхаеш, чхае; незак.

1. Міжвольна рэзка выдыхаць паветра носам і ротам, выдзяляючы слізь і ўтвараючы шумныя рэзкія адрывістыя гукі. Стоячы на сонцы, ад спёкі шырока пазяхалі дзеці, чхалі ад папаўшага ў нос пылу. Галавач. Хоць адчувалася духата, але вокнаў яшчэ ніхто не адважваўся адчыняць: некаторыя чхалі і кашлялі. Няхай.

2. Разм. Утвараць кароткія рэзкія адрывістыя гукі, падобныя на чханне (пра работу матора, рухавіка і пад.). Матор доўга чхаў, і машыну давялося завесці ручкай. Пташнікаў. А можа, гэта была і не станцыя: толькі чхалі белай парай паравозы, грукаталі на стыках колы вагонаў, падслепавата мігалі семафоры. Сабаленка.

3. перан., на каго-што. Разм., груб. Не звяртаць увагі; выказваючы пагарду, знявагу ў адносінах да каго‑н. Вядома, пан чхаць хацеў на законы, а ўсё ж не чапаў Сіланція. Жычка. Здавалася, што Юру, які чхаў на свае абавязкі перад другімі, павінна быць лёгка ў жыцці. Карпаў. — Чхаў я на Фогеля, — ваяўніча заяўляе Хадоська. — Ён сам баіцца. Навуменка.

4. перан. Разм. Імчацца; ехаць; ісці. А праз кароткую хвіліну Антось садзіўся на машыну. На паравозе без білета Чхаў да Баранавіч дасвета. Колас.