Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фешэне́бельны, ‑ая, ‑ае.

Які адпавядае патрабаванням найлепшага густу і моды; элегантны, вытанчана-прыгожы, раскошны. Фешэнебельны курорт. □ Уздоўж набярэжнай Схевенінгена стаяць фешэнебельныя атэлі, рэстараны, магазіны. Мележ.

[Англ. fashionable.]

фе́я, ‑і, ж.

У заходнееўрапейскай міфалогіі — істота жаночага полу, здольная рабіць цуды; чараўніца.

[Фр. fée.]

фён, ‑у, м.

Цёплы і сухі вецер, які дзьме з гор у даліну. Падзьмуў фён, і ў небе з-за гор выплыў ускудлачаны акраек хмары — хутка пасоўваўся дождж. Быкаў.

[Ням. Föhn ад лац. favonius — цёплы заходні вецер.]

фібергла́с, ‑у, м.

Тое, што і шклапластык.

фібергла́савы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фібергласу.

фі́бра 1, ‑ы, ж.

1. Уст. Валакно расліннай або жывёльнай тканкі.

2. звычайна мн. (фі́бры, ‑аў); перан. Ужываецца як сімвал душэўных сіл. Ненавідзець усімі фібрамі душы.

[Лац. fibra — валакно.]

фі́бра 2, ‑ы, ж.

Спец. Гнуткая моцная папяровая маса, апрацаваная хімічным спосабам і спрасаваная, якая замяняе скуру пры вырабе чамаданаў і пад., а таксама з’яўляецца ізаляцыйным матэрыялам.

[Лац. fibra — валакно.]

фі́бравы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з фібры ​2. Фібравы чамадан.

фібраі́н, ‑у, м.

Спец. Валакністае бялковае рэчыва, якое з’яўляецца важнейшай састаўной часткай натуральнага шоўку.

[Ад лац. fibra — валакно.]

фібралі́т, ‑у, М ‑ліце, м.

Спец. Будаўнічы матэрыял у форме прасаваных пліт з раслінных валокнаў, драўляных стружак, касіры, звязаных звычайна цэментам. — Дык вось які ён, фібраліт, — гаварыў Фамін, разглядаючы шэрыя цэментаваныя пліты. «Звязда».

[Ад лац. fibra — валакно і грэч. líthos — камень.]

фібралі́тавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фібраліту. Фібралітавы завод. // Зроблены з фібраліту. Фібралітавыя пліты.