чу́фкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Тое, што і чуфыкаць. У канцы лютага пачынаюць у бярэзніку час ад часу чуфкаць і балбатаць цецерукі. В. Вольскі.
чуфы́канне, ‑я, н.
Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. чуфыкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.
чуфы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Спец. Утвараць характэрны гук «чуф» (пра цецерукоў і пад.). [Бацька] прыманьваў цецерукоў да сябе, чуфыкаючы гэтак жа сама, як і яны. Масарэнка.
чу́ханне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. чухаць.
чу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Чухаць, скрэбці сваё цела ці якую‑н. частку яго. Седзячы на ложку, [Маня] доўга сапла, пазяхала ўголас, чухалася, — ніяк не магла прачнуцца. Мележ. Дзядзька Мікалай зноў пачынае драмаць, але хутка ўсхопліваецца — не даюць спакою паразіты, чухаецца, і зноў нікне галавою. Ставер. // перан. Разм. Быць вымушаным ліквідоўваць вынікі якой‑н. дзейнасці. [Аляксандр Дзям’янавіч:] — Работкі лётчыкам хапіла. Фашысты і цяпер яшчэ чухаюцца, мост усё ладзяць. Лынькоў.
2. перан. Разм. Марудна, няўмела, без жадання што‑н. рабіць. [Бог:] — Ды нячыстай рознай твары Па адной вазьмі ты пары, А ўсіх чыстых па сем пар. Ну, не чухайся, а жар! Крапіва.
чу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. і без дап. Скрэбці, драпаць, драць, каб пазбавіцца свербу. Кіраніха збянтэжылася, пачала костачкай вялікага пальца чухаць праз хустку галаву. Ермаловіч. [Сабака] прысеў на кастрыцы і задняю нагою стаў чухаць каля вуха. Колас. Свіння Рабая вельмі любіла, калі яе чухаеш, — ажно вочы заплюшчыць. Брыль.
2. перан. Разм. Трывожыць, турбаваць каго‑н. [Забіч:] — І вы, Юліян Сяргеевіч, зусім слушна гаворыце: трэба нараду праводзіць. Пакуль нас не чухаюць, дык лепей мы самі пачухаемся. Савіцкі.
•••
Чухаць патыліцу — быць заклапочаным чым‑н. — Няўжо і на нас запытанне ў раён пасылаць будуць? — чухаў патыліцу бацька. Сачанка.
чу́хканне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. чухкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.
чу́хкаць, ‑ае; незак.
Разм. Утвараць шумныя працяглыя гукі, характэрныя для паравозаў, паравых рухавікоў і пад. Сінеў і чухкаў недзе ў шэрых прыцемках паравоз. М. Стральцоў.
чу́цца, чуюся, чуешся, чуецца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць чутным, устрымацца на слых. Ганна маўчала. А можа і гаварыла, ды вельмі ціха, не чуліся яе словы на адлегласці. Кулакоўскі. Госці азіралі вестыбюль, перагаварваліся, часам чуўся вясёлы малады смех. Арабей.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Успрымацца органамі пачуццяў; адчувацца. Снег быў мяккі і і зусім не чуўся пад нагамі. Паслядовіч. [Поплаў] быў такі забалочаны, што тут на дарозе чуўся адтуль пах гнілога карэння балотных раслін. Чорны. // перан. Праяўляцца, даваць сябе адчуць. Туга па радзіме, невыказны боль па яе лугах і рэках, барах і нябёсах выразна чуюцца ў такіх вершах [Броўкі], як «Маці», «Роднае». Бярозкін. [Голас] зусім не падобны быў на другі, мяккі і звонкі, хоць і ў ім таксама чулася засмучэнне. Васілевіч. // у знач. пабочн. Адчувацца, думацца. Быццам бы і слухала [Хадося] Міканораву гаворку, а сама — чулася — была далёкая ад гаворкі гэтай, абыякавая была. Мележ.
3. як або якім чынам. Адчуваць сябе, быць у пэўным стане. Затое ж, калі забярэцца Цімошка з кароўкамі ў лес, то ўжо там чуецца ён вольна. Колас. І з кожным годам.. [Ганна Макараўна] чулася ўсё больш і больш адзінокай. Марціновіч. / у безас. ужыв. Лёгка чулася нам, — ці мы ў лузе граблі, Ці калгасныя з ёй вартавалі палі. Куляшоў.
чуццё, ‑я, н.
1. Здольнасць жывёл адшукваць што‑н. пры дапамозе органаў пачуццяў, пераважна нюхам. Чуццё падказвае.. [бабраняці], што вада знаходзіцца параўнальна недалёка, і яно імкліва накіроўваецца ў бок канала. В. Вольскі.
2. перан. Здольнасць чалавека заўважаць, угадваць, разумець што‑н. Прафесійнае чуццё. □ [Шыковіч:] — Скажыце, Сербаноўскі, па-чалавечы шчыра: а што вы думаеце, пазнаёміўшыся са справай Савіча? Што падказвае вам чуццё старога чэкіста? Шамякін. Прафесійным чуццём Тышкевіч здагадаўся, што хлопец гэты вельмі падабаўся настаўніцам за свой лагодны характар. Асіпенка.