Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прыпа́сы, ‑аў; адз. прыпас, ‑у, м.

1. Тое, што назапашана, нарыхтавана загадзя; запасы харчавання. У самы глухі куток пад ложкам, куды нават венік служанкі Насты рэдка калі зазіраў, складаў Міхалка розныя прыпасы на дарогу. Колас. У засені дрэў.. на белых хусцінках былі раскладзены агульныя прыпасы: вяндліна, свежыя гуркі, хлеб. Савіцкі.

2. Снарады, патроны і пад., прызначаныя для стральбы з гармат, вінтовак. Баявыя прыпасы. Агнястрэльныя прыпасы.

3. Разм. Прылады для якой‑н. справы, занятку. Рыбалоўныя прыпасы. Цяслярскія прыпасы. Паляўнічыя прыпасы.

прыпасяўны́, ‑ая, ‑ое.

Які праводзіцца пры сяўбе. Прыпасяўное ўнясенне ўгнаенняў.

прыпаўза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыпаўзці.

прыпаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. прыпоўз, ‑паўзла, ‑паўзла; зак.

1. Дабрацца куды‑н. паўзком. Падыходжу: Алеся!.. З лесу, раненая, прыпаўзла да сяла, Да сваіх. Куляшоў.

2. Разм. Марудна, павольна ідучы, прыбыць куды‑н. Вінцук пазнаў .. старую Клемансіху і ўсміхнуўся. — Прыпаўзла, старая? — Прыпаўзла, Вінцук. Даўно не была, а трэба ж... Чарнышэвіч.

пры́пах, ‑у, м.

Разм. Слабы пах чаго‑н., змешаны з іншымі пахамі. Ходзіць вецер, Ловіць прыпах нафты, Што да нас з Татарыі ідзе. Калачынскі. Хутка вецер імклівы з палёў прынясе Гул матораў і прыпах бензіну. Ляпёшкін.

прыпа́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Злёгку пахнуць чым‑н. Нічога, [мяса грака] як курацінка, толькі трошку прыпахвае птушыным гняздом і мяса худаватае. Гарэцкі.

прыпаце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Трохі спацець, запацець. Шыбы прыпацелі. Прыпацець ад бегу.

прыпая́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыпаяць.

прыпая́цца, ‑яецца; зак.

Прымацавацца, прырабіцца да чаго‑н. паяннем. Драціна добра прыпаялася. □ Чаму не выскакваюць з танка? Немцаў паблізу няма. Можа, яшчэ ўдасца выратавацца. Хіба толькі ўсе яны [танкісты] смяртэльна паранены? Ці ад гарачыні прыпаяліся люкі? Беразняк.

прыпая́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.

1. Прымацаваць, прырабіць паяннем. — Добрыя жарты... Абарвецца які правадок, чым цяпер яго прыпаяеш?.. Паслядовіч. Там [на заводзе] на вашых вачах збяруць І матор, і сярэбраны радыятар, Да яго па малому зубру Прыпаяюць старанна дзяўчаты. Панчанка.

2. перан. Разм. Прызначыць якое‑н. пакаранне. Перад вайной Аркашку прыпаялі моцна — дзесяць гадоў за калектыўны крадзеж. Навуменка.