Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прыло́мваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыламаць.

прыло́млівацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прыламацца (у 1 знач.).

2. Зал. да прыломліваць.

прыло́мліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыламаць (у 1 знач.).

прылу́жжа, ‑а, н.

Мясцовасць, размешчаная вакол лугу, каля лугу. У лузе панавала дзівосная міратворная цішыня, якая, здавалася, .. не прымала ніводнага гуку з вёсак, што разбегліся ўдалечы па пагорках прылужжа. Ракітны.

прылу́жны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца, размяшчаецца каля лугу. У тым баку, дзе была рэчка і адкуль нясло набраклым прылужным хмызняком, забляяў баран — начная птушка. Ермаловіч.

прылуча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прылучыцца.

2. Зал. да прылучаць.

прылуча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прылучыць.

прылучы́цца, ‑лучуся, ‑лучышся, ‑лучыцца; зак.

1. Далучыцца да каго‑, чаго‑н. Прылучыцца да кампаніі. □ Завод, на якім працаваў Рыгор, прылучыўся да забастоўкі трэцім. Гартны. Пакуль ураднік збіраўся, падышоў дзяк. Да іх яшчэ прылучыўся дыякан з фельчарам. Колас. // Стаць на чый‑н. бок, згадзіцца з кім‑н. Прылучыцца да прапановы.

2. Пазнаёміцца з чым‑н., уключыцца ў якую‑н. дзейнасць. Будзе працаваць [Віктар] нароўні з усімі. Зноў прылучыцца да нялёгкай, але знаёмай сялянскай працы. Паўлаў.

3. Разм. Здарыцца, стацца. [Алеся] перадумала ўсе няшчасці і здарэнні, якія маглі прылучыцца з Васілём. Колас. [Марыля:] Жалоба па бацьку яшчэ не адышла, з Зоськай такое няшчасце прылучылася, а ён — на табе! На скрыпцы выігрывае. Купала.

прылучы́ць, ‑лучу, ‑лучыш, ‑лучыць; зак., каго-што.

1. Злучыць з чым‑н., дадаць да чаго‑н. Прылучыць да кампаніі. □ [Паніч:] Мне гэту сялібу трэба прылучыць да двара. Купала. // Уключыць у склад чаго‑н. (якога‑н. населенага пункта, дзяржавы). Прылучыць новы раён да горада.

2. да чаго. Пазнаёміць з чым‑н., увесці ў што‑н., далучыць да чаго‑н. Упоцемку, не запальваючы святла, хлопцы спрачаюцца, прыкідваюць, каго са знаёмых людзей можна прылучыць да патайной работы. Навуменка.

прылучэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прылучаць — прылучыць і прылучацца — прылучыцца.