чумакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.
Уст. Займацца чумацкім промыслам, быць чумаком.
чума́цкі, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які мае адносіны да чумака. У вянку лясным высока стаў .. [Кабзар] над магілай, над вякамі страшнай крыўды, над чумацкай доляй. Вялюгін. Млечны Шлях — чумацкі шлях, сцвярджаў нам не раз Грэчка. Няхай.
чумі́за, ‑ы, ж.
Буйная злакавая расліна, з зерня якой вырабляюцца каштоўныя мука і крупы.
[Кіт.]
чумі́зны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да чумізы, зроблены з чумізы. Чумізныя крупы.
чу́мны 1, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да чумы (у 1 знач.). Чумная эпідэмія. □ Праклятыя каты! Яны ўсміхаюцца, Здымаючы з чумных бацыл барышы. Панчанка. // Заражаны чумой (у 1 знач.). [Сасноўскі:] Толькі будзьце асцярожны з гэтым гарылападобным зверам. Чумны звер, калі ён нават у клетцы, страшны. Гурскі.
2. Разм. Шалёны, ашалелы, утрапёны. [Херувім:] «Браты анёлы, што гэта з ім?! Ды ён жа нейкі чумны!» Вярцінскі.
чу́мны 2, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да чума, уласцівы чуму. Чумныя жэрдкі.
чу́ні, ‑яў; адз. чуня, ‑і, ж.
Абл.
1. Пяньковыя, вяровачныя і пад. лапці. Каля варот стаяла паласатая будка, і там хадзіў немец у доўгім белым кажусе, у плеценых саламяных чунях на ботах. Адамчык. Да Іванова зноў падышоў Арсен, цяпер ужо разам з пажылыя селянінам у шэрай даматканай світцы, у чунях. Кавалёў.
2. Гумавы ці скураны абутак у выглядзе галёшаў, які надзяваецца пры рабоце ў шахтах, рудніках і пад. // Самаробныя галеты; бахілы. Самаробныя чуні былі злеплены са старых аўтамабільных пакрышак. «Маладосць». Ступаючы ў стылых чунях, збіваючы з траў расу, аднымі губамі, ледзь чутна матуля прасіла касу. Макарэвіч.
чупры́на, ‑ы, ж.
Пасма валасоў, якая спадае на лоб або ўзнімаецца над ілбом (у мужчын); чуб. Мая чупрына расла ўніз і звісала над вачыма так, як звісае са страхі старая салома, калі яе вецер павырывае. Карпюк. У хлопца чупрына спаўзла на бачок, Над скрыпкай засноўдалі рукі. Калачынскі. // Валасы наогул. І кучаравы [хлопец] быў, чупрына — як лаза густая! Мележ. Толькі ў чорнай чупрыне гусцей і бялей Пракідаюцца пасмы сівыя. Зарыцкі. / у перан. ужыв. Векавыя дубы, клёны паднімаліся сваімі магутнымі чупрынамі ў самае неба. Новікаў. Недалёка стукаў чорны дзяцел (жаўна) з чырвонай чупрынай. Гурскі.
чурэ́к, ‑а, м.
Прэсны хлеб у выглядзе вялікай ляпёшкі, які выпякаюць на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі.
чу́тачку, прысл.
Разм. Крышачку, трошачкі. І плацце сонечнага колеру, і прычоска, чутачку паднятая стаўбунком.. — усё так міла і так хораша.. [Тоні]. Скрыган. Моцны вецер.. абсыпаў.. [Міхаську] мяккім сняжком. Але — няхай сабе. Яму ж так добра. Яшчэ хоць чутачку адпачыць бы. Якімовіч.