Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хма́рна,

1. Прысл. да хмарны (у 1 знач.).

2. безас. у знач. вык. Пра пахмурную пагоду. Было холадна, хмарна, дзьмуў сыры вецер. Хомчанка.

3. перан.; безас. у знач. вык. Пра сумны, невясёлы настрой. Хмарна было і ў Ганначкі на душы. «ЛіМ».

хма́рнасць, ‑і, ж.

1. Згушчэнне хмар; воблачнасць. Хмарнасць сышла з неба, і перад вечарам з’явілася сонца. Чорны.

2. перан. Нацягнутасць, напружанасць. У дачыненнях між бацькамі і дзецьмі наступіла нядобрая хмарнасць. Мележ.

хма́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Пакрыты хмарамі. Хмарнае неба. // З небам, зацягнутым хмарамі. Хмарны дзень. □ Ліліся сумныя гукі, і здавалася, нехта наракае і тужыць, што прайшло цёплае лета, скардзіцца на хмарную восень, на слоту. Каліна. Ноч была хмарная, і на невялікай адлегласці ўжо нельга было распазнаць чалавека. Дуброўскі.

2. перан. Пануры, сумны, невясёлы. Хмарны настрой яшчэ жыў у Антонавай душы. Савіцкі.

хма́рыцца, ‑рыцца; незак.

Зацягвацца хмарамі, станавіцца хмарным. А неба сіняе штодзённа хмарыцца. Глебка. Хмарыцца ўсё яшчэ вечар, Шлях засцілае імгла. Танк. / у безас. ужыв. [Варвара:] — Хмарыцца, каб дажджу часам не пазнала. Васілевіч.

хма́рыць, ‑рыць; незак.

1. безас. Зацягваць хмарамі. Цішыня. Туман з імшар Напаўзае. Трохі хмарыць. Зарыцкі.

2. перан.; каго-што. Разм. Засмучаць, азмрочваць. Вочы хмарыць гора паланянак, Каміноў жахлівых чорны чад. Барадулін. Сатлела ў шафах шмат забытых кніг з тых дзён далёкіх доктара Скарыны... Хай сіл не хопіць для задум маіх, а кроў гарыць, і хмараць лоб маршчыны. Русецкі.

хме́левы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хмелю (у 1, 2 знач.), уласцівы хмелю. Хмелевы пах. // Прыгатаваны з хмелю, з хмелем. Хмелевыя дрожджы.

хмель, хмелю, м.

1. Павойная расліна сямейства тутавых, некаторыя віды якой выкарыстоўваюцца ў піваварэнні. Дзве альтанкі хаваліся ў зеляніне дзікага вінаграду і хмелю. Васілевіч.

2. зб. Суквецце гэтай расліны ў выглядзе шышак, насенне яе. [Дзядзька:] — Ён [дзед Хвядос] ужо за Нёманам хмель збірае... Бажко.

3. Хмельны напітак. [Андрэй:] З дзён маладых я хмелю не ўжываю. Клімковіч.

4. Стан ап’янення, выкліканы алкагольнымі напіткамі. Міхась быў чалавек вясёлы. А яшчэ быў весялейшы, як хмель пачынаў туманіць яго лахматую галаву. Колас. Бяседа ўжо ўвайшла ў тую каляіну, калі хмель развязвае языкі нават маўклівым людзям. Сабаленка. // перан. Стан пад’ёму, узбуджанасці, выкліканы чым‑н. Калі ж іх [грошай] не стала, Пад хмелем азарту Паклаў Фенька Рваны гадзіннік на карту. Арочка.

•••

Пад хмелем (пад хмяльком) — у стане лёгкага ап’янення. — А гэта?.. — зноў выкрыквае Клаўдзя пад хмелем. — Помніш, як спектакль у Рудні ставілі? Ракітны.

хме́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў стане ап’янення; захмялелы, нецвярозы. Грукоча машына. Маўчы, качагар, і пылам вугольным давіся!.. Хай з топкі тваёй не праб’ецца ўгар да містэраў хмельных і місіс. Дудар. // Уласцівы захмялеламу, нецвярозаму. Вочы [Тосі] паліліся калючым бляскам і хмельнай лянівасцю. Адамчык. // Такі, у якім удзельнічаюць нецвярозыя. Там [на банкеце] віно шуміць і льецца, Мова хмельная вядзецца. Колас.

2. Які выклікае ап’яненне. Наліліся хмельным сокам Гронкі [вінаграду] буйныя, даспелі. Жычка. Заморскія віны, мясцовая медавуха, гарэлка і хмельнае піва ліліся ракой. П. Ткачоў. / у знач. наз. хме́льнае, ‑ага, н. У меру выпітае хмельнае як бы выраўноўвае, падводзіць пад адно ўсе настроі. Сабаленка. // перан. Які прыводзіць да ўзбуджэння, самазабыцця. Любыя, мілыя ліпы — Радасць квяцістых нізін! Водару хмельнага выпіў Ваш непакорлівы сын. Пушча. Ты пакліч мяне. Пазаві. Там заблудзімся ў хмельных травах. Янішчыц. Хмельная трэль салаўя ціха струменіць здалёку. Машара.

3. перан. Узбуджаны чым‑н. У прыцемку хмельны ад шчасця хлопец сустрэў.. хвалюючую цеплыню [Любы]. Брыль.

хмеляво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Той, хто займаецца вырошчваннем хмелю.

хмеляво́дства, ‑а, н.

Вырошчваняе хмелю як галіна сельскай гаспадаркі.