прашарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.
1. Прадзіравіць шараваннем. Прашараваць рукаў.
2. і без дап. Шараваць некаторы час. Прашараваць падлогу ўвесь вечар.
прашаро́ўванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прашароўваць — прашараваць (у 1 знач.).
прашаро́ўвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да прашароўваць.
прашаро́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прашараваць.
праша́стаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Утварыць шастанне. Прашастаўшы нагамі па стружках, .. [Ян Лайзан] падышоў да сваёй калодкі. Броўка. Я ляпнуў далонямі, крыкнуў, і качкі, узарваўшы роўнядзь вады, прашасталі крыламі зусім нізка над маёй галавой. Хомчанка.
прашвэ́ндацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Швэндацца некаторы час. У святочна прыбраным натоўпе Булат прашвэндаўся ўвесь дзень і вечар. Лукша.
прашлёпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Прайсці шлёпаючы (нагамі, абуткам). Ужо бралася на дзень, як .. [Хведар] прашлёпаў мокрымі калашынамі па агародзе. Кірэйчык.
прашлы́ндаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Шлындаць некаторы час. [Сцяпан] яшчэ два гады прашлындаў, наймаючыся то ў сельпо, то ў прамкамбінат на якую беглую работу. Скрыган.
прашля́піць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак., каго-што.
Разм. Дапусціць памылку; упусціць, празяваць. Здорава ж прашляпіў Гарбачэнка, калі пашкадаваў Трухана, не зняў з работы пасля тэхнічнава суда. Шынклер.
прашмарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.
Працерці, прадзіравіць. Аціраючыся тут, .. [Мартыневіч] прашмараваў і анучу і цяпер голай пятой стаяў на халодным таку. Чарнышэвіч.