Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хле́бніца, ‑ы, ж.

1. Дзяжа, у якой рашчыняюць хлеб. Хлебніца была пакрыта надзежнікам.

2. Талерка ці карзінка для хлеба. Афіцыянтка на дзіва хутка прынесла заказ: хлеб, памідоры, салат і графінчык з залацістым напіткам. І нібы між іншым на хлебніцы побач з хлебам ляжаў рахунак. Дамашэвіч. // Невялікая скрынка для захавання хлеба.

хле́бны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да хлеба (у 1, 2 знач.). Хлебныя запасы. Хлебная ніва. □ Саша набраў хлебных крошак, ссыпаў іх на ліст фанеры і папрасіў маці: — Хачу на балкон, пакарміць верабейчыкаў. Даніленка. // Уласцівы хлебу; такі, як у хлеба. Хлебны смак. □ Жнівень прыйшоў і сюды — на пшанічныя ўзгоркі і ў даліны з багатым ільном, — калгасны жнівень з вострым хлебным пахам і з песенным сакатаннем жняярак, гулам камбайнаў і гружаных аўтамашын. Брыль. // Прыгатаваны з хлеба. Хлебны квас. / у знач. наз. хле́бная, ‑ай, ж. — Вось гэта рэч! — казаў дзядзька, наліваючы самагонкі ў кілішкі. — Свайго вырабу, хлебная. Корбан. // Прызначаны для хлеба, яго прыгатавання, выпечкі. Хлебныя дрожджы. Хлебная лапата. □ Пачэсны кут займае ў светлых хатах Заквашаная хлебная дзяжа. А. Александровіч.

2. Звязаны з захаваннем, продажам хлеба (у 1, 2 знач.). Хлебны магазін. Хлебная манаполія. □ [Маці:] — А калі выручыш [Дзімка] грошы, купіш якую кулідку хлеба, — на тым тыдні хлебныя карткі ж адмянілі. Капыловіч.

3. Багаты хлебам, ураджайны. Хлебны год. Хлебны край. □ Час быў не надта хлебны, гэта Святлана помніць добра. Лось.

4. перан. Разм. Выгодны, даходны. Хлебная пасада. □ Лапці, світкі зрэбныя — З нашых сёл якраз, На заробкі хлебныя Ездзілі ў Данбас... Куляшоў.

хлебяста́ць, хлебяшчу, хлябешчаш, хлябешча; незак.

Абл. Стракатаць, трашчаць (пра работу механізмаў, машын і пад.). У Забыліне хлебястаў кулямёт. Стралялі адтуль на імшары цяпер ужо не сціхаючы. Пташнікаў. // Балбатаць, шмат гаварыць.

хлевушо́к, ‑шка, м.

Памянш.-ласк. да хлеў; маленькі хлеў. Цёмнай вулачкаю, між платоў і нізенькіх хлевушкоў, мы выскачылі ў невялічкі недагледжаны садок. Адамчык. Хочаш лішні воз галля ці сухастою якога мець, вазьмі падчыстку ў лесе, а пры ёй і на варыўню ці на хлевушок прыдбаеш. Пальчэўскі.

хлестако́ўшчына, ‑ы, ж.

Нястрымная хвальба, хлусня; легкадумнасць.

[Ад імя Хлестакова, аднаго з герояў камедыі М. В. Гогаля «Рэвізор».]

хлеў, хлява, м.

Памяшканне для свойскай жывёлы, птушак. Застаяўшыся ў хляве, конь ішоў весела, лёгка і праворна. Мележ. Недзе далёка, у хляве, глуха пеўні праспявалі. Чорны. // перан. Разм. Пра бруднае, запушчанае (непрыбранае) памяшканне.

хле́ўчык, ‑а, м.

Памянш.-ласк. да хлеў. І тут жа ў хлеўчыку часовым, У наспех скіданым з сучча, Стаяць авечка, конь, карова, Жуюць салому па начах. Астрэйка.

хлёбаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

Разм.

1. Піць; піць вялікімі глыткамі. Хлёбаць чай.

2. Есці, чэрпаючы лыжкай вадкую страву. Хлёбаць суп.

хлёбнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да хлёбаць.

хлёрка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.

Разм. Хлорная вапна ў выглядзе раствору або парашку.