пацяру́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што або чым.
Час ад часу, злёгку церушыць. Воз падтрэсваецца ды дробненькім сянцом пацярушвае. Лобан.
пацясне́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пацясняць — пацясніць.
пацяснёны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пацясніць.
пацясні́цца, ‑цяснюся, ‑цяснішся, ‑цясніцца; ‑цяснімся, ‑цесніцеся; зак.
1. Пасунуцца, паціснуцца, даючы каму‑н. месца. [Сяргей] падышоў да Ярмоленкі, Пятрова і, вітаючыся, сказаў ім, мабыць, нешта смешнае і вясёлае, бо тыя, смеючыся, пацяспіліся, далі яму месца на лаўцы. Сіўцоў. // Вызваліць частку занятай плошчы. Каля дрэ[ў] стаялі нейкія грузавікі і фурманкі. Калі падышлі «трыццацьчацвёркі», вакол іх замітусіліся людзі. — Эй, пяты эшалон! Просім пацясніцца! — крыкнуў задзёрыста, саскочыўшы з машыны, Быстроў. Мележ. // Уступіць каму‑н. частку памяшкання, жылля; пажыць у цеснаце. [Мікіта] думаў, што давядзецца брата пусціць у сваю хату, пацясніцца. Галавач. Калі на будоўлю панаехала многа людзей і не было іх дзе размясціць, жыхары Белазерска пацясніліся, пусцілі на кватэры часовых жыхароў. Дадзіёмаў.
пацясні́ць, ‑цясню, ‑цясніш, ‑цясніць; ‑цяснім, ‑цесніце; зак., каго-што.
Прымусіць размясціцца цясней; пазбавіць часткі занятай плошчы; ушчыльніць. [Павел] пасадзіў птушанё ў гняздо, і яно ўмясцілася там, не пацясніўшы іншых. Кулакоўскі. // Прымусіць адступіць, адысці. Партызаны пацяснілі паліцаяў, і тыя, адстрэльваючыся, уцякалі. Гурскі.
пацясня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да пацясніцца.
2. Зал. да пацясняць.
пацясня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да пацясніць.
паця́ўкаць, ‑ае; зак.
Разм. Цяўкаць некаторы час; цяўкнуць некалькі разоў. Сабака сваё зрабіў і толькі, каб не адразу парваць знаёмства з хлопцамі, адбегся і, вінавата аблізваючыся, пацяўкаў і падаўся дадому. Сташэўскі.
пацячы́, ‑цячэ; ‑цякуць; пр. пацёк, ‑цякла, ‑цякло; зак.
Пачаць цячы. Пацяклі ручаі. □ Па маршчыністым твары пацяклі слёзы, буйныя, салёныя. Гурскі. Стары Банэдык згадзіўся даць .. [хлопцам] човен, нават заканапаціў яго і пасмаліў, каб не пацёк у дарозе. Чарнышэвіч. Пацяклі, паплылі за гадамі гады... Купала. Радасна грымнуў аркестр на хорах, і пацяклі павольныя гукі паланеза. Караткевіч. З прыходам вясны малочны статак прыбавіў малака, у касу пацёк .. свежы струменьчык грошай. Місько.
пацяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Забаўляцца, весяліцца. Болей за ўсіх пацяшаліся дзеці: Коўзаліся па бліскучым паркеце. Панчанка. Настаўнікі былі ў такім прыўзнятым настроі, што пацяшаліся словамі песні і крыўляннем Янкі Тукалы. Колас.
2. Здзекавацца, смяяцца, кпіць з каго‑, чаго‑н. Натоўп рагатаў, пацяшаўся з Каруся і цёткі Магды. С. Александровіч.