паўздыха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Уздыхаць некаторы час. Старыя пабядуюць, паўздыхаюць і разыдуцца. Грахоўскі. Маці крыху пасядзела каля дзеда, паўздыхала і падалася на кухню. Хомчанка.
паўзіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Узірацца некаторы час. Немец, аднак, не варушыўся, яшчэ трохі паўзіраўся ў байца і затым тузануўся з ламачча. Быкаў. Лабановіч паўзіраўся пільней — так: гэта Янка Тукала! Колас.
паўзко́м, прысл.
Прыпадаючы тулавам да паверхні, паўзучы. Да пярэдняга краю прыйшлося прабірацца то паўзком ад ямкі да ямкі, то перабежкамі. Мележ. Толькі паўзком, па-пластунску, можна было пераадолець кіламетровы прамежак ад узлесся да першых вясковых хлявоў. Марціновіч.
паўзла́зіць, ‑лазіць; ‑лазім, ‑лазіце, ‑лазяць; зак.
Узлезці — пра ўсіх, многіх. Невялікія, супроць доўгага тулава, галоўкі [баскетбалістаў] ледзь не на паўметра ўзвышаліся над мяккімі крэсламі, і можна было падумаць, што гэта і ёсць дзеці; раздурэліся і паўзлазілі з нагамі на сядзенне. Лужанін.
паўзле́сны, ‑ая, ‑ае.
Які праходзіць, пралягае паўз лес, каля лесу. Чорная мужчынская постаць падалася на паўзлесную сцежку. Чорны.
паўзме́ны, ж.
Палавіна змены. Такой парой гарачай За паўзмены І ў свірне могуць прарасці зярняты. Аўрамчык.
паўзмро́к, ‑у, м.
Няпоўны змрок; вельмі слабае асвятленне. У хаце паўзмрок, ужо вечар, і чалавек не можа разглядзець, ёсць хто ў хаце ці не. Галавач. У зямлянцы было адно акенца, і, як заўсёды ў хмурны дзень, тут стаяў паўзмрок. Сіняўскі. Праз шыбы з тоўстым напластаваннем інею працэджвалася дзённае святло, і ў хаце быў нейкі прыемна ўрачысты паўзморк. Шамякін.
паўзмро́чны, ‑ая, ‑ае.
Не зусім асветлены, цемнаваты. Ачуўся .. [Язэп] у сырым паўзмрочным сутарэнні. Гуло ў скронях, і балюча было павярнуць галаву. Асіпенка. Гэта быў невялікі паўзмрочны пакой з замураванымі больш як да паловы вокнамі. Мележ.