Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

патрыярха́льшчына, ‑ы, ж.

Разм. (з адценнем зневажальнасці). Перажыты патрыярхальных адносін, звычаяў. Колас не закрывае вачэй на складанасць, супярэчлівасць сялянскай псіхалогіі, на тое, што вясковае асяроддзе тоіць у сабе нямала коснасці, патрыярхальшчыны. Навуменка. [Гаварушка:] Трэба канчаць, Дземідовіч, з гэтай патрыярхальшчынай, трэба трошкі разварушвацца. Лобан.

патрыярха́т, ‑а і ‑у, М ‑хаце, м.

1. ‑у. Апошні перыяд першабытнаабшчыннага радавога ладу, для якога характэрна панаванне мужчын у гаспадарчым і грамадскім жыцці.

2. ‑а. Царква, узначаленая патрыярхам (у 3 знач.).

патрыя́рхія, ‑і, ж.

Царкоўная вобласць, падначаленая патрыярху (у 3 знач.).

патрыя́ршаства, ‑а, н.

1. Сістэма царкоўнага кіравання з патрыярхам па чале.

2. Тое, што і патрыярхат (у 2 знач.).

патрыя́ршы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да патрыярха (у 3 знач.).

2. Такі, як у патрыярха (у 1, 2 знач.); велічны, урачысты, важны.

патрыяты́зм, ‑у, м.

Любоў да радзімы, адданасць сваёй бацькаўшчыне, свайму народу. І асабліва людзі беларускага Палесся выявілі свой гераічны патрыятызм цяпер, у час Вялікай Айчыннай вайны. Чорны. Гісторыя [піянерыі] багатая прыкладам самаадданасці, патрыятызму, сапраўднага гераізму. «Звязда».

•••

Квасны патрыятызм — нізкапаклонства перад адсталымі формамі жыцця, быту сваёй краіны, усхваленне ўсяго свайго і ганьбаванне ўсяго чужога.

[Ад грэч. patris — радзіма, бацькаўшчына.]

патрыяты́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць патрыятычнага. Патрыятычнасць песні. Патрыятычнасць учынкаў.

патрыяты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да патрыёта, да патрыятызму. Патрыятычны ўздым. Патрыятычны рух. □ Жыць па высокіх нормах і законах нашай камуністычнай маралі, усталёўваць іх у працы і быце, выхоўваць у сабе — патрыятычны абавязак камуніста, кожнага савецкага чалавека. «Звязда». // Прасякнуты патрыятызмам. Патрыятычны мастацкі твор. Патрыятычная песня.

патрэ́ба, ‑ы, ж.

Неабходнасць чаго‑н., патрэбнасць. Лабановіч, наколькі мог, тлумачыў старасту, што і дзяўчаткам таксама вучыцца трэба, і даводзіў, скуль гэта патрэба вынікае. Колас. [Кацярына:] Я не так сабе прыйшла, патрэба ёсць. Крапіва. [Андрэй] ніяк не мог уцяміць, якая патрэба прывяла да яго самога Мікалая Мікалаевіча. Грахоўскі.

патрэ́баваць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе.

Зак. да патрабаваць.