патармо́шаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад патармасіць, патармашыць.
патаро́ча, ‑ы, ж.
Уст. Абл. Здань, пудзіла. Цябе агорне полаг ночы, Ты смех пачуеш Патарочы, — Ці будзе водгук тваім думам? Колас.
патарча́ка, ‑і, ДМ ‑чацы; Р мн. ‑чак; ж.
Кол, палка, якія тырчаць з зямлі. [Міхась] Пералазіў цераз платы, натыкаўся на патарчакі. Скрыган. // Ламачына, палка. Пракоп схадзіў па прылессе, назбіраў бярэмя сухіх патарчак і неяк расклаў агеньчык. Сіняўскі. Устаўшы, .. [капітан] абапёрся на нейкую патарчаку, якая была ў яго замест кія. Быкаў.
патасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што і без дап.
Тасаваць некаторы час; ператасаваць. [Бабка] пайшла ў сваю каморку, выняла з-пад сенніка калоду старых, як і сама яна, карт, патасавала сваім манерам і пачала спаважна раскладваць іх на восем кучак, па тры карты ў кожнай. Колас.
патаўсце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Стаць тоўстым, таўсцейшым. [Ларыса] пахарашэла. Загарэла. І, здаецца, крыху патаўсцела. Асіпенка. Толькі дзве ніжнія галіны [бярозы] значна патаўсцелі, сталі даўжэйшымі. Пестрак.
патаўсці́цца, ‑тоўсціцца; зак.
Стаць таўсцейшым. Патаўсцілася нітка.
патаўсці́ць, ‑таўшчу, ‑тоўсціш; ‑тоўсціць; зак., што.
Зрабіць таўсцейшым. Патаўсціць нітку.
патаўха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм. Таўхаць некаторы час.
патаўчы́, ‑таўчу, ‑таўчэш, ‑таўчэ; ‑таўчом, ‑таўчаце, ‑таўкуць; зак., каго-што.
1. Стаўчы што‑н. Калі бульба зварылася, бабка патаўкла яе, дадала пшанічнай мукі ды ўбіла пару яечак. Колас.
2. Разм. Пабіць, разбіць. Патаўчы гаршкі.
3. і без дап. Таўчы некаторы час.
патаўчы́ся, ‑таўкуся, ‑таўчэшся, ‑таўчэцца; ‑таўчомся, ‑таўчацеся; ‑таўкуцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаўчыся, здрабніцца ад таўчэння. Бульба патаўклася. Перац патоўкся.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Дабіцца, разбіцца. Пасуда патаўклася.
3. Разм. Пахадзіць туды-сюды, пасланяцца. Рынак быў на ранейшым месцы. Захацелася зайсці туды, патаўчыся сярод натоўпу, пачуць родную гамонку вясковых людзей. Хомчанка.