памо́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да памолу, прызначаны для памолу (у 1 знач.). Памольны збор. □ Паліна на нейкі час спынілася ля памольнай машыны. Кавалёў.
памо́льшчык, ‑а, м.
1. Той, хто прывёз у млын зерне для памолу; завознік. Хата, начлег, млын, да якога прыязджалі памольшчык з розных вёсак, — гэта былі наша школа, наша бібліятэка.., уся наша пачатковая адукацыя. Дубоўка.
2. Рабочы, які займаецца памолам.
памо́рак, ‑рка, м.
Уст. Мор. Надышоў паморак, голад, Пачала здыхаць жывёла. Крапіва.
памо́ргаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Тое, што і памаргаць.
памо́ргваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Маргаць час ад часу. Паморгваць вачыма. □ Мусіць ад дыму слязліва паморгвала лямпа. Мурашка.
памо́р’е, ‑я, н.
1. Старая назва паўночных рускіх зямель па берагах Белага мора, Анежскага возера і рэк, якія ў іх упадаюць. // Мясцовасць, якая прымыкае да марскога берага.
2. Старая назва паўночнай часткі Польшчы, якая прымыкае да Балтыйскага мора. Памор’е. Польшча. Год трыццаць дзевяты. Я пехацінцам радавым служу. Зарыцкі.
памо́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да памораў, да памор’я. Паморскі пасёлак. Паморскія звычаі.
памо́ршчаны, ‑ая, ‑ае.
1. Пакрыты маршчынамі. Потам і слязьмі быў абліты .. [Лявонаў] паморшчаны твар. Чарот.
2. перан. Пакрыты рабізной (аб паверхні вады). І вада ў моры, і бераг.., і неба над цёмна-сіняй, паморшчанай марской роўняддзю здаліся чамусьці надта звычайнымі. Чыгрынаў.
3. перан. Змяты, памяты (пра адзенне).