палаві́нчаты, ‑ая, ‑ае.
1. Спец. Які складаецца з дзвюх розных частак, палавін.
2. перан. Пазбаўлены паслядоўнасці; кампрамісны. Палавінчатыя меры. Палавінчаты характар буржуазнай рэвалюцыі.
палаві́ншчык, ‑а, м.
Разм.
1. Той, хто мае палавіну паю ў якой‑н. справе або валодае якой‑н. маёмасцю ўдваіх з кім‑н.
2. Гіст. Селянін, які арандуе зямлю напалавіну.
палаві́ншчына, ‑ы, ж.
Гіст. Від зямельнай арэнды, пры якой палавіна сабранага ўраджаю аддаецца ўласніку зямлі за карыстанне ёю.
палаві́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.
Лавіраваць некаторы час.
палаві́ць, ‑лаўлю, ‑ловіш, ‑ловіць; зак., каго-што.
1. Злавіць усіх, многіх або ўсё, многае. Сабраліся хлопцы, зрабілі ў лесе аблаву і палавілі.. [зладзеяў]. Якімовіч. Таня глядзіць на матылёў, і ёй хочацца саскочыць з воза і палавіць іх у жменю. Пташнікаў.
2. і чаго, а таксама без дап. Лавіць некаторы час. Пілаваць сёння дровы.. [Юрку] не вельмі хацелася. Лепш бы з хлопцамі на возера пайсці, рыбы палавіць. Курто.
палавічо́к, ‑чка, м.
Памянш.-ласк. да палавік.
палавы́ 1, ‑а́я, ‑о́е.
Які мае адносіны да полу 1. Палавыя клеткі. Палавое размнажэнне. // Звязаны з адносінамі полаў.
палавы́ 2, ‑а́я, ‑о́е.
Які мае бледна-жоўты колер. Нельга было нічога ўбачыць, апрача палавога жытняга мора. Крапіва. Лучына гарыць [нявесела], як заўсёды. Угары ідзе ад яе палавы дым. Гарэцкі.
палагадне́лы, ‑ая, ‑ае.
Які стаў, зрабіўся больш лагодным, памяркоўнымі. — Разведку, значыць, даручаеш мне? — спытаў палагаднелы Мазалеўскі. Грахоўскі.
палагадне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Стаць больш лагодным, памяркоўным; падабрэць. Стары неяк адразу палагаднеў, спытаў, адкуль ідзе маладзіца і ці далёка ісці. Шамякін. // Стаць больш прыветлівым, сардэчным (пра голас, твар, погляд і пад.). Пальцы гаспадыні спрытна лічылі храбусткія паперкі, голас палагаднеў. Савіцкі.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць цяплейшым; памякчэць. Вецер палагаднеў, абяцаючы мяккую цяплынь бабінага лета. Пташнікаў.
паладзі́н, ‑а, м.
1. Уст. Доблесны рыцар, адданы свайму гаспадару або даме. // перан., іран. Пра чалавека, адданага якой‑н. ідэі або асобе.
2. У сярэдневяковай літаратуры — паплечнік Карла Вялікага або караля Артура.
[Фр. paladin, ад лац. palatinus — прыдворны.]