Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чака́льня, ‑і, ж.

Разм. Пакой для чакання. Барадач агледзеў чакальню і, пераканаўшыся, што яшчэ нікому не надакучыла слухаць пераказы розных гісторый і здарэнняў, пачаў [расказваць] не спяшаючыся. Сачанка.

чака́н 1, ‑а, м.

1. Штэмпель для выбівання відарысаў на паверхні металічных вырабаў (манет, медалёў і пад.).

2. Адбітак відарыса на паверхні металічнага вырабу; чаканка (у 2 знач.).

3. Інструмент у выглядзе зубіла з тупым ці закругленым канцом, якім робяць чаканку (у 1 знач.).

4. Старажытная зброя ў выглядзе доўгага дзяржання з насаджаным на яго завостраным з абуха малатком. У верхнім памяшканні было ціха, праз вузкія вокны лілося пыльнае святло. На сценах віселі старыя чаканы, двухручныя мячы, кальчугі. Караткевіч.

чака́н 2, ‑а, м.

Птушка сямейства драздовых з чорным або чорна-бурым апярэннем галавы.

чака́ненне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. чаканіць.

чака́нены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад чаканіць.

чака́ніцца, ‑ніцца; незак.

1. Паддавацца чаканцы. Медныя пласціны лёгка чаканяцца.

2. Зал. да чаканіць.

чака́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што.

1. Рабіць металічны выраб, выбіваючы на яго паверхні адбітак або ўзор. Чаканіць манеты. □ — Хіба гэта грошы? Гэта смецце, пане. Не спытаўшы круля, Ільчык іх чаканіў І мяняў, нягоднік, на вашы дукаты... Бажко. // Выбіваць (узор або малюнак) на паверхні металічнага вырабу. У сонца ператварылася галава Мядузы Гаргоны, якую любілі чаканіць на сваіх лагах паганцы. Караткевіч. // Рыхтаваць фігурныя металічныя вырабы шляхам халоднага кавання. Чаканіць медны посуд.

2. перан. Рэзка аддзяляць адно ад другога (крокі, словы, гукі і пад.). Конскія капыты віхрылі дарожны пыл, цьмяна пабліскваючы срэбрам падкоў, і дружна чаканілі ціхі крок, трапляючы на гнуткія дошкі старых масткоў і грэбляў. Лынькоў. Чаканяць крок, раўняюцца [пажарнікі], Парадак у радах, І людзі пасміхаюцца На прызбах, у дварах. Калачынскі. Генерал ідзе, бы сокал, І арлом глядзіць навокал, Ротны тут пад казырок, Ідзе з рапартам з прыскокам, За апошнім цвёрдым крокам Стаў чаканіць назубок. Колас.

3. У тэхніцы — апрацоўваць выраб з металу з мэтай надаць яму дакладны памер, вагу, чысціню паверхні. // Апрацоўваць заклёпачныя швы і няшчыльныя злучэнні ў металічных вырабах, каб ліквідаваць шчыліны.

4. У сельскай гаспадарцы і садаводстве — абразаць верхавіны сцябла і бакавых парасткаў раслін для ўзмацнення плоданашэння і скарэйшага паспявання; пасынкаваць. Чаканіць вінаград.

чака́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. чаканіць.

2. Р мн. ‑нак. Рэльефны, па-мастацку выкананы адбітак на паверхні металічных вырабаў. Рубель шыбуе мой Да новай вышыні, Чаканкай залатой Па ўсёй зямлі звініць. Непачаловіч. // Мастацкі выраб з такім адбіткам. Падарыць чаканку.

3. У тэхніцы — апрацаваная паверхня металу, загладжаная шчыліна і пад.

чака́нкі, ‑нак; адз. няма.

У выразе: чаканкі паесці гл. паесці.

чака́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць чаканнага (у 3 знач.); выразнасць. Чаканнасць кроку. Чаканнасць стылю.

чака́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. чакаць. Дзед Талаш .. хацеў рушыць і ісці хоць куды, абы не стаяць тут .. у бясплодным чаканні. Колас. Вечарам сядзела .. [Ганна] дома — і сумная і поўная трывожнага чакання. Чорны.

2. Непрыняцце рашэнняў некаторы час з мэтай дачакацца зручнага моманту. Палітыка чакання.