хаду́льны, ‑ая, ‑ае.
Залішне напышлівы, ненатуральны, пазбаўлены арыгінальнасці. Пафас пісьменніка [І. Навуменкі] не здаецца штучным, хадульным, бо ён сагрэт шчырай і разумнай аўтарскай усмешкай. Гіст. бел. сав. літ. Атрымалася не байка, а ілюстрацыя, у якой дзейнічае ўмоўная, хадульная істота, прымушаная замяняць паклёпніка. Казека.
хаду́н, ‑а, м.
Дэталь машыны, механізма, якая знаходзіцца ў пастаянным руху. А ці чуеце вы ў .. дыханні [паравіка] стомленасць або непаладак які? Шых-шах, шых-шах, — спявае проста ў ім кожны хадун, а кацёл, глядзіце, аж ільсніцца ўвесь ад вялікай сваёй сілы. Краўчанка. А гадзіннік на сцяне несупынна вёў сваю справу: размерна ківаўся хадун-маятнік і кожны свой крок зазначаў кароткім «так-так!» Колас.
•••
Ні хадун ні сядун — пра няўдалага, нерухавага чалавека.
Хадзіць хадуном гл. хадзіць.
хадункі́, ‑оў; адз. хадунок, ‑нка, м.
Прыстасаванне са злучаных між сабой слупкоў (звычайна на колцах) для дзіцяці, якое вучыцца хадзіць. Той дзень Міхалінка хадзіла ў адмысловых хадунках на маленькіх калёс[ік]ах. Сабаленка.
хадуны́, ‑оў; адз. няма.
Разм. Тое, што і хадункі.
хаз, ‑у, м.
1. Спец. Большая тоўстая частка шкуры з крыжа каня.
2. Уст. Лепшы край кавалка тканіны, як у час продажу клалі напаказ.
хаза́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да хазараў. Хазарскі каганат.
хаза́ры, ‑аў.
Вандроўны цюркамоўны народ, які з’явіўся ў Паўднёва-ўсходняй Еўропе ў 4 ст. пасля гунскага нашэсця.
хай, часціца і злучн.
Разм.
1. часціца. Тое, што і няхай (у 1–3 знач.). Хай злыдні над намі скрыгочуць зубамі — Любі сваю ніву, свой край. Купала.
2. злучн. Тое, што і няхай (у 4 знач.).. Чалавеку заўсёды хочацца думаць аб прыемным, хай нават прыемнага адна кропля. Каршукоў.
•••
Не ў гнеў (крыўду) хай будзе сказана гл. быць.
Хай адсохнуць (у мяне) рукі і ногі гл. адсохнуць.
Хай ён (яна, яно) згарыць гл. згарэць.
Хай сабе гл. сабе.
Хай яно гарам гарыць гл. гарэць.
Хай яно запаветрае гл. запаветраць.
хайлу́к, ‑а, м.
Абл. Вавёрчына гняздо. [Зоська:] — О-о, гэта яна [вавёрка] можа. Нядаўна маміны грыбы, што сушыліся пад страхою, таксама забрала і перанесла ў хайлук, у гняздо сваё. Ляўданскі. Ужо каля самага поля ў густых пасадках сасонніку Міхась натрапіў на вавёрчын хайлук. Бяспалы.
хак, ‑а, м.
Інструмент для падсочкі дрэў — разак на доўгай ручцы.