Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

паглы́бленасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан паглыбленага (у 2, 3 знач.).

паглыбле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. паглыбляць — паглыбіць.

2. Тое, што і паглыбленасць. На твары.. [хлопца] напісалася абыякавасць і паглыбленне ва ўласныя думкі. Чорны.

3. Паглыбленае месца на якой‑н. паверхні. На паверхні скалы вада ў гарачай крыніцы ўтварыла паглыбленне, якое мае форму самага сапраўднага катла. Матрунёнак.

паглы́блены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад паглыбіць.

2. перан.; у знач. прым. Грунтоўны, сур’ёзны. Паглыблены псіхалагічны аналіз.

3. перан.; у знач. прым. Засяроджаны на чым‑н., заняты чым‑н. [Саладуха] утароплівае позірк на Пыльца, і ў вачах яго скачуць вясёлыя чорцікі. Гэта заўважае нават узрушаны .. і паглыблены ў свае думкі Адам Лаўрэнавіч. Шамякін.

паглыбля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да паглыбіцца.

2. Зал. да паглыбляць.

паглыбля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да паглыбіць.

паглы́бнік, ‑а, м.

Спец. Прыстасаванне для паглыблення ворыва.

паглына́льнасць, ‑і, ж.

Спец. Уласцівасць паглынальнага. Паглынальнасць глебы.

паглына́льнік, ‑а, м.

Спец. Рэчыва або прыстасаванне, здольныя паглынаць што‑н. Паглынальнік вільгаці.

паглына́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае здольнасць паглынаць што‑н. Паглынальная здольнасць глебы.

паглына́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. паглынаць (у 1, 3 знач.) і паглынацца.