фата́льны, ‑ая, ‑ае.
Непазбежны, немінучы; быццам прызначаны лёсам. Фатальны збег акалічнасцей. □ І заўсёды нейкае фатальнае супадзенне і паслядоўнасць: Валатовіч — Лемяшэвіч... Шамякін. // Які выяўляе нешта наканаванае. [Гюнтэр] зарагатаў.. І ў гэтым смеху было нешта злавеснае, фатальнае, што ў пісара і ардынарца прабег мароз па скуры. Дамашэвіч.
фата́рый, ‑я, м.
Спец. Святлолячэбны кабінет для правядзення групавога светлавога і цеплавога абпраменьвання лячэбнага і прафілактычнага характару.
[Ад грэч. phōs, phōtos — святло.]
фатаўскі́, ‑ая, ‑ое.
Уласцівы фату. Фатаўскія вусікі.
фатаўство́, ‑а, н.
Паводзіны, учынкі, выгляд фата. А потым Франс. Гэты з-за фатаўства закрывацца не будзе. Тут прасцей. Проста [выстраліць] у гэты высокі бледны лоб. Проста туды. Караткевіч.
фа́та-марга́на, ‑ы, ж.
Разнавіднасць міражу, пры якім узнікаюць несапраўдныя, уяўныя адлюстраванні прадметаў, што знаходзяцца за гарызонтам. Фата-маргана — міраж у пустыні, пры якім уяўляюцца абрысы прадметаў, што ляжаць за мяжой небасхілу. Гаўрусёў.
[Іт. fatamorgana — «фея Маргана», якая, згодна з брэтонскімі паданнямі, жыве на маршам дне і падманвае падарожнікаў прывіднымі зданямі.]
фато́граф, ‑а, м.
Той, хто прафесіянальна займаецца фатаграфаваннем. Тутэйшы фатограф .. быў невялікі майстар: на адной фатаграфіі чалавек выйшаў з нейкім пагнутым носам. Чорны. Першакурсніца Люда Нагорная, яшчэ ўсё просценькая вясковая дзяўчына, прыплюшчыла вочы, бо вельмі ветлівы фатограф даволі нахабна біў ёй у твар святлом. Брыль.
фато́ліз, ‑у, м.
Спец. Раскладанне вадкіх, цвёрдых або газападобных рэчываў пад уздзеяннем святла. Фатоліз вады.
[Ад грэч. phōs, phōtos — святло і lysis — раскладанне.]
фато́метр, ‑а, м.
1. У фізіцы — прыбор для вымярэння сілы святла якой‑н. крыніцы.
2. У астраноміі — прыбор для вызначэння яркасці зорак.
[Ад грэч. phōs, phōtos — святло і metreō — вымяраю.]
фато́н, ‑а, м.
Спец. Часціца святла.
[Ад грэч. phōs, phōtos — святло.]